Куды пойдуць грошы дарожнага фонду і адкуль іх возьмуць (інфаграфіка)

Рэспубліканскі дарожны фонд запланаваны ў Бюджэце-2015, але як высветлілася, падобны фонд быў і раней, проста цяпер ён сам зарабляе грошы.

"Дарожныя фонды ў Беларусі згодна з заканадаўствам існавалі пачынаючы яшчэ з 1991 года, таму тут нейкіх навінак не прадбачыцца. Мяняюцца, хутчэй за ўсё, крыніцы фінансавання гэтых фондаў. Пачынаючы з 2015 года некаторыя платы, зборы і пошліны, якія зноўку з'явіліся, будуць залічвацца ў дарожны фонд наўпрост", — кажа кіраўнік праекта "Кошт Урада" Уладзімір Кавалкін.

Еўрарадыё параўноўвае, колькі грошай мы трацілі на дарогі ў 2013, 2014 гадах і плануем патраціць у 2015-м.

У 2013 годзе на фінансаванне дарожнай гаспадаркі Беларусь траціла амаль 2,4 трыльёны рублёў, у 2014 трошкі больш за 3 трыльёны (пры гэтым дарожнага падатку сабралі каля 1,6 трыльёна рублёў, а платныя дарогі за 9 месяцаў прынеслі 341,2 мільярда).

У 2015 годзе замест выдаткаў на дарогі з'яўляецца асобны дарожны фонд. Туды наўпрост пойдуць усе зборы і падаткі. Расходы фонду складуць 4,4 трыльёна рублёў. Даход — амаль 3 трыльёны рублёў. Пры гэтым павялічваецца дарожны падатак. Яго плануюць сабраць 1,9 трыльёна. Больш плануюць зарабіць і з платных дарог — 695,8 мільярдаў рублёў.

"Іншае пытанне, чаму так адбылося, — каментуе змены Уладзімір Кавалкін. — Прычына простая і банальная — для папаўнення бюджэту не хапае грошай і, у асноўным, прасядаюць паступленні ад падатку на прыбытак. Таму ўрад перакладае эканамічныя праблемы на людзей, замест таго, каб праводзіць неабходныя краіне рэформы".

Расходы дарожнага фонду запланаваныя на 1,4 трыльёна больш, чым збіраюцца сабраць даходаў. Адпаведна, дарожны фонд у бюджэце апынуўся дэфіцытным. Недахоп грошай, на думку Кавалкіна, будуць кампенсаваць з інвестыцыйных праграм, іншых фондаў і бюджэту.

"Асобным накірункам дзяржаўных інвестыцыйных праграм выдзеленыя сродкі на дарожную гаспадарку — 649 мільярдаў рублёў", — кажа міністр фінансаў Уладзімір Амарын на абмеркаванні Бюджэту-2015 у Палаце прадстаўнікоў.

Як размяркуюцца грошы з дарожнага фонду

Асноўныя расходы дарожнага фонду пойдуць на ўтрыманне дарог — 1 трыльён 190,9 мільярда рублёў, на бягучы рамонт — 666 мільярдаў, на рэканструкцыю аўтамабільных дарог з дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ідзе 510,2 мільярда, на капітальны рамонт дарог — 491,4 мільярда, 388,4 мільярда — на пагашэнне крэдытаў і працэнтаў па ім. Яшчэ 138,9 мільярдаў выдаткоўваюць з дзяржаўнай праграмы на рэканструкцыю трасы Мінск — Гомель на участку Бабруйск — Жлобін.

Яшчэ каля 1 трыльёна рублёў размяркуюць на рамонт і будаўніцтва дарог паміж абласнымі бюджэтамі і бюджэтам Мінска.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі