Літоўскія памежнікі за суткі затрымалі адразу тры групы нелегальных мігрантаў

З пачатку года літоўскія памежнікі затрымалі на мяжы з Беларуссю 636 нелегальных мігрантаў / pasienis.lt
З пачатку года літоўскія памежнікі затрымалі на мяжы з Беларуссю 636 нелегальных мігрантаў / pasienis.lt

За мінулыя суткі ў Літве затрыманыя тры групы нелегальных мігрантаў, якія прыйшлі ў краіну з Беларусі. Усяго 36 чалавек, гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце памежнай службы Літвы.

Першую групу —13 чалавек— спынілі ў Шальчынінкайскім раёне. Дакументаў у мужчын не было. Адзін з затрыманых сказаў, што ён грамадзянін Турцыі, астатнія — што яны з Ірака.

Яшчэ 10 чалавек затрымалі раніцай у сераду. Яны таксама прыйшлі з Беларусі. Але іх нацыянальнасць яшчэ трэба будзе вызначыць.

У мігрантаў з трэцяй групы таксама не аказалася дакументаў. "Па папярэдніх дадзеных, гэта могуць быць расійскія грамадзяне чачэнскай нацыянальнасці", адзначылі ў памежслужбе Літвы.

З пачатку года літоўскія памежнікі затрымалі 636 нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі ўехаць у краіну з Беларусі. Гэтая лічба амаль у восем разоў вышэйшая за колькасць нелегальных мігрантаў, затрыманых на гэтым участку мяжы за ўвесь 2020 год. Летась іх было 81. У 2019 годзе — 46.

Часцей за ўсё сёлета літоўскія памежнікі спынялі мігрантаў з Ірака (408 чалавек). З-за таго, что колькасць замежнікаў, якія нелегальна спрабуюць патрапіць у краіну, павялічылася, літоўскім уладам прыйшлося разбіць для іх намётавы гарадок.

Аляксандр Лукашэнка ўжо некалькі разоў пагражаў суседнім краінам тым, што аслабіць кантроль на мяжы. "Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — цяпер будзеце самі іх ёсць і лавіць", — заявіў ён у траўні падчас выступу ў парламенце. Пра гэта ж ён казаў і ў Брэсцкай крэпасці 22 чэрвеня: "Вы супраць нас развязалі гібрыдную вайну і патрабуеце ад нас, каб мы вас абаранялі, як і раней?". Лукашэнка даў зразумець, што на падтрымку Беларусі з гэтага часу разлічваць не варта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі