Літва накіруе Беларусі ноту з просьбай даць інфармацыю пра інцыдэнт на БелАЭС
У бліжэйшы час Літва накіруе Беларусі ноту з просьбай даць інфармацыю пра вынікі расследавання інцыдэнту на будаўнічай пляцоўцы Беларускай АЭС. Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу літоўскага МЗС, знешнепалітычнае ведамства краіны раней папрасіла тлумачэнняў наконт інцыдэнту ў амбасады Беларусі ў Вільні.
У адказ беларуская дыпмісія падала заяву Міністэрства энергетыкі, што “пазаштатная сітуацыя адбылася на пляцоўцы захоўвання корпусу рэактара пры правядзенні такелажных працаў па яго перамяшчэнні ў гарызантальнай плоскасці”.
У літоўскім МЗС падкрэслілі, што ў інтарэсах агульнай бяспекі, а таксама ў інтарэсах самой Беларусі яна павінна неадкладна праінфармаваць МАГАТЭ і суседнія краіны пра ўсе дэталі здарэння.
Як паведамлялася раней, 25 ліпеня ў СМІ з’явілася інфармацыя, што 10 ліпеня падчас пробнага трэніровачнага ўсталявання корпусу рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў уніз з вышыні ад 2 да 4 метраў.
Крыніца: Вырашаць, ці мяняць корпус рэактара БелАЭС, будуць расіяне