Мабілізацыя ў Расіі — шлях да ядзернай вайны: што кажуць палітыкі і эксперты
Расійскія вайскоўцы / ТАСС
Пасля абвяшчэння аб частковай мабілізацыі ў Расіі першыя палосы сусветных СМІ запоўнілі загалоўкі пра ядзерную пагрозу.
— Для абароны нашага народа мы выкарыстаем усе сродкі. Гэта не блеф, — заявіў Уладзімір Пуцін.
Еўрарадыё даведалася, што кажуць пра ядзерную пагрозу палітыкі і эксперты і ці ўспрымаюць яны пагрозу Пуціна сур'ёзна.
"Загнаны ў кут Пуцін небяспечнейшы, чым калі-небудзь"
Пуцін пераасэнсаваў вайну ў сваёй прамове пра мабілізацыю і даў зразумець, што яна можа разрасціся, лічыць рэдактар па замежных справах The New York Times Роджэр Коэн.
— Ён паспрабаваў ператварыць агрэсіўную вайну супраць суседа ў вайну абароны "радзімы", якая знаходзіцца пад пагрозай, тэма, што знаходзіць водгук у расіян, паглыбленых у патрыятычную гісторыю.
— Я не веру, што ён скарыстае гэтую зброю. Я не думаю, што свет дазволіць яму выкарыстаць гэтую зброю... Мы не можам зазірнуць у галаву гэтаму чалавеку, ёсць рызыкі... Заўтра Пуцін можа сказаць: акрамя Украіны, мы хочам яшчэ частку Польшчы, інакш мы выкарыстаем ядзерную зброю. Мы не можам ісці на кампрамісы.
У Пуціна не застанецца нічога, акрамя ядзернага ўдару
Расійскаму палітолагу Уладзіміру Пастухову блізкая пазіцыя амерыканскіх экспертаў.
— Пуцін адну нагу засунуў у пастку 24 лютага. Цяпер ён прыстроіў у гэты капкан другую нагу. Наступны пункт незвароту будзе тады, калі ён стане рэальна перад рашэннем аб прымяненні ядзернай зброі.
Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман лічыць, што ступень вар'яцтва Пуціна нельга недаацэньваць.
— Мы недаацэньвалі рэгрэс, які адбыўся ў свядомасці Пуціна. Магчыма, за гады кавіду, магчыма, больш за доўгія гады. Таму прагнозы на факт пачатку вайны, прынамсі ў маім выпадку, не спраўдзіліся. Але тое, што адбывалася далей, людзі прадбачылі досыць правільна. Калі казалі, што Пуцін не нападзе, таму што яго чакае ўвязанне ў гэтай вайне, што ён не зможа дасягнуць сваіх мэтаў. Тут узнікае пытанне, калі мы гаворым пра вар'яцтва: ці зрабіў Пуцін высновы? Раз такі адрыў ад рэальнасці, які прывёў да драматычных наступстваў, адбыўся аднойчы, мы можам быць упэўненыя, што гэта можа адбыцца яшчэ шмат-шмат разоў нават на больш драматычным узроўні.
Таму выключаць, што Пуцін зладзіць ядзерную катастрофу, не варта.
— Мы памыліліся менавіта ў здольнасці прымаць суіцыдальныя палітычныя рашэнні, непралічаныя і без шанцаў на поспех. Логіка рашэння аб прымяненні ядзернай зброі прыкладна такая самая. Ты да апошняга думаеш, што той бок міргне. І вось ты ў сітуацыі, калі ты альбо павінен выкарыстоўваць ядзерную зброю, альбо паказаць усім, што ты блефаваў. І, мяркуючы па ўсім, у такіх сітуацыях Пуцін можа павесці сябе эмацыйна, — заключае Арцём Шрайбман.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.