Мельянцоў: Пахаладанне з ЕС будзе на ўзроўні рыторыкі, да санкцый не дойдзе

Мельянцоў: Пахаладанне з ЕС будзе на ўзроўні рыторыкі, да санкцый не дойдзе

6 красавіка Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў разгон уладамі акцыі ў Мінску на Дзень Волі, запатрабаваў вызвалення ўсіх затрыманых і асуджаных і нагадаў пра магчымасць вяртання санкцый у дачыненні да Беларусі. Ці сапраўды ЕС гатовы вярнуцца да рэжыму санкцый, ці згодны Мінск на чарговае пахаладанне адносінаў з Захадам, чым можа скончыцца новае непаразуменне ў адносінах паміж Мінскам і Бруселем? Пра гэта ды іншае — размова са старшым аналітыкам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзянісам Мельянцовым.

Цалкам размову з Дзянісам Мельянцовым можна паслухаць і паглядзець тут:

Цытаты з размовы:

 

Усе заявы Еўрапарламента аднолькавыя, і яны заўжды нашмат больш рэзкія, чым наступныя рэзалюцыі Савета Еўрапейскага саюза, які прымае рашэнні, што маюць сілу закона ў знешнепалітычным рэчышчы.

Еўрапарламент ― гэта не той інстытут, які ўводзіць санкцыі, і, адпаведна, ён не можа пагражаць увядзеннем санкцый. Але гэта орган, які шмат і гучна рэагуе, але часта некампетэнтна.

Еўрапарламент можа рэкамендаваць адмяніць што заўгодна ― хоць сабе і дэкрэт №3. Але відавочна, што ў Мінску гэта будзе ўспрынятае, як умяшанне ў нашы ўнутраныя справы.

З самага пачатку Еўрасаюз паставіў досыць высокую планку, думаючы, што ён можа нейкім чынам трансфармаваць такія аўтарытарныя рэжымы, які ёсць і ў Беларусі. А гэта зусім не так: гэта велізарная праца на дзесяцігоддзі, і спрацоўвае яна з тымі краінамі, якія самі хочуць далучыцца да ЕС.

У дачыненнях з Беларуссю ЕС трэба ставіць рэалістычныя мэты і задачы: павысіць таваразварот, павялічыць раскрыццё злачынстваў, звязаных з незаконным перасячэннем мяжы, працаваць у сферы транзіту міграцыі і гэтак далей, а не імкнуцца ўзяць планку на непераадольнай вышыні.

Пахаладанне ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС будзе “рытарычнае” ― будзе больш жорсткая рыторыка і жорсткія заявы, але запушчаныя праекты і далей будуць ісці, ні да санкцый не дойдзе справа, ні да сур’ёзных перарываў у камунікацыі.

Тым, што большасць затрыманых 25 сакавіка была вызваленая і да суда дайшло не так шмат людзей, што вызваляюцца пакрысе затрыманыя па справе “Белага легіёна”, Мінск дасылае сігналы пра жаданне працягваць дыялог з Захадам.

Калі Еўрасаюз прызнае наяўнасць у Беларусі палітвязняў (беларускія праваабаронцы ўжо назвалі Касінерава палітвязнем, ― Еўрарадыё), то гэта будзе важны крок у бок замарозкі адносінаў і вяртання санкцый.

На Захадзе чакаюць, што будзе далей, тое, што адбылося 25 сакавіка ― гэта сістэмная з’ява ці асобны эксцэс. Калі сітуацыя з разгонам паўтарыцца два-тры-чатыры разы, то яны паставяць птушачку, што рэпрэсіі сапраўды павышаюцца.

Калі з’явяцца палітвязні, якіх пасадзяць надоўга, калі будзе закручванне гаек унутры краіны і новы інтэграцыйны крок з Расіяй, чаго нельга выключаць пасля дамоўленасцяў ў Пецярбургу, то рэакцыя Захаду можа быць негатыўнай. Калі не праз санкцыі, то праз згортванне тых праграм, якія ідуць цяпер.

Калі паглядзець на гісторыю расійска-беларускіх адносінаў і канфліктаў, то заўжды быў нейкі кампраміс, але ніколі не было так, каб Расія цалкам капітулявала перад Беларуссю.

Хутчэй за ўсё, і гэтым разам ёсць нейкія прыхаваныя дамоўленасці: Расія даўно хацела нашы нафтаперапрацоўчыя заводы, ёсць яшчэ пытанне авіябазы, могуць быць пашыраныя вайсковыя вучэнні, а так, як было анансавана ― можа быць усё што заўгодна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі