Мінчук так хацеў трапіць у бусік амапаўцаў, што на машыне з'явілася ўвагнутасць
Вуліца Зыбіцкая / minsknews.by
24-гадовы жыхар Мінскага раёна так хацеў пагаварыць з амапаўцамі, што пашкодзіў іх мікрааўтобус. Здарэнне адбылося на вуліцы Зыбіцкай, дзе размяшчаюцца разнастайныя бары, пішуць "Мінск-Навіны".
Паведамляецца, што малады чалавек усю ноч адпачываў на Зыбіцкай, а зранку сабраўся дадому. Яго ўвагу прыцягнуў "Форд Транзіт", з якога выйшлі байцы АМАП і скіраваліся ў адзін з бараў, каб дапамагчы ахоўніку выправадзіць наведвальнікаў.
Хлопец захацеў пагаварыць з амапаўцамі і паспрабаваў адчыніць дзверы бусіка, але не здолеў. Раззлаваўшыся, ён стукнуў рукой па дзвярах, у вынику чаго на кузаве аўто ўтварылася вялікая ўвагнутасць.
Адзін з мінакоў зрабіў хлопцу заўвагу, але той працягваў тузаць ручку дзвярэй мікрааўтобуса. У выніку міліцыянты затрымалі яго і даставілі ў Цэнтральнае РУУС.
Выявілася, што малады чалавек працуе інжынерам, раней не судзімы. На яго пачалі справу за хуліганства. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Малады чалавек ужо цалкам прызнаў сваю віну і заплаціў 1450 рублёў для кампенсацыі шкоды.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.