Мінэнерга прапанавала паслу Літвы наведаць месца будаўніцтва Астравецкай АЭС
6 траўня ў Міністэрстве энергетыкі Беларусі прайшла сустрэча намесніка міністра Вадзіма Закрэўскага і пасла Літвы Эвалдаса Ігнатавічуса. Гаворка ішла пра скандальную інфармацыю пра здарэнне на будаўніцтве атамнай станцыі, якая з'явілася ў СМІ. Нібыта, там абрынулася частка апорнай канструкцыі "будучага будынка кантроля ядзернай бяспекі". Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла ноту амбасадару Беларусі наконт магчымага інцыдэнту на Астравецкай АЭС (яна размешчана за 50 кіламетраў ад Вільні). У пятніцу Міністэрства энергетыкі патлумачыла сітуацыю, заявіла, што там нічога сур'ёзнага не адбылося.
Як інфармуе прэс-служба Мінэнергетыкі, пасол атрымаў падрабязную інфармацыю пра выкананне на будаўніцтве Астравецкай АЭС усіх тэхнічных нормаў і рэгламентаў. Таксама беларускія чыноўнікі патлумачылі, што ж адбылося 8 красавіка падчас падрыхтоўчых працаў на адным з бытавых памяшканняў. Дэфект ужо выпраўлены. Эвалдасу Ігнатавічусу прапанавалі наведаць будаўніцтва АЭС і "пазнаёміцца з рэальнай сітуацыяй", каб не было палітычных спекуляцый на гэтую тэму.