Мінгарвыканкам: Новыя дамы не паўплываюць на панараму прывакзальнай плошчы
Два жылыя будынкі ў двары адной са знакамітых мінскіх прывакзальных вежаў не мусяць перавышаць 6 паверхаў.
У двары адной з вежаў насупраць чыгуначнага вакзала ў Мінску будуць пабудаваныя два жылыя дамы. Гэты факт выклікае абурэнне жыхароў сталіцы ды самога “дома з вежай”. Прэтэнзіі: будынкі могуць сапсаваць унікальную гістарычную панараму Прывакзальнай плошчы.
Адзін з кіраўнікоў кампаніі “10 УНР-Инвест”, якая выйграла тэндэр на будаўніцтва, груба паведамляе, што пакуль не мае праекту забудовы, таму і абмяркоўваць няма чаго: “Усе ведаюць, што гэты дом будзе ўсім перашкаджаць, і толькі мы яшчэ не бачылі гэтага праекту, то што тут казаць? Навошта людзей расчароўваць!”.
Намеснік кіраўніка упраўлення архітэктуры і будаўніцтва Кастрычніцкага раёна Мінска Марына Смірнова тлумачыць, што забудоўшчык сапраўды можа не мець праекту. Спачатку распрацоўваюцца агульныя ўмовы будаўніцтва ды абмежаванні па памерах. Калі кампанія вырашае, што такія правілы гульні іх задавальняюць, то падаецца заяўка.
“Аўкцыён адбыўся, цяпер забудоўшчык распрацоўвае эскізны праект, — працягвае тлумачыць ужо кіраўнік упраўлення Алена Сухадолава. — Гэты эскізны праект мы вынесем на абмеркаванне з грамадзянамі і потым ужо будзем прымаць рашэнне. Але пакінуць гэтую дваравую тэрыторыю не можам у такім стане. У цэнтры не мусіць быць боксавых гаражоў, а там іх 37. Жыхары ўзамен нічога прапанаваць не могуць, таму…”
Як даведалася Еўрарадыё, два дамы павышанай камфортнасці ў квартале вуліц Свярдлова-Ульянаўская-Бабруйская-Кірава, зоймуць каля 10 000 м/кв., будуць не вышэйшыя за шэсць паверхаў, з падземным паркінгам.
На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы літаратуразнаўца і жыхарка "дома з вежай" Ганна Кісліцына агучвае яшчэ адну магчымую праблему:
“Гумар у тым, што вежы ўжо пацярпелі, калі ўбівалі сваі будынка БДУ і будынка "Галілеа", дзе ёсць паркінг... У многіх кватэрах з'явіліся шчыліны на сценах, якія падлаталі пры капрамонце... Яшчэ адно сваязабівальніцтва — а ў доме, які будуюць, зноў такі будзе яшчэ адзін паркінг, галілейскага ім мала, то невядома што будзе з вежамі... Яны ж будаваліся пасля вайны з далёка не лепшых матэрыялаў...”
Кіраўніца ўпраўлення архітэктуры раёна пра гэтыя выпадкі нічога не ведае. “Да нас ніякіх скаргаў ці заяваў на з’яўленне шчылін ад жыхароў не паступала,” — пераконвае Алена Сухадолава.
Атрымліваецца, што паводле планаў, хвалявацца за змяненне вобразу горада не варта. Новыя дамы не будуць бачныя за старымі будынкамі. Але практыка паказвае, што ў выніку ўсё можа быць не так вясёлкава. Дастаткова ўзгадаць "Узнаўленне забудовы пад аб'екты грамадска-побытавага прызначэння" ў квартале вуліц Энгельса-Інтэрнацыянальнай-Музычнага завулка ў Верхнім горадзе.
Фота: www.karta-minska.nemiga.info