Мінздароўя: А чаму вы на вятранку не перахварэлі ў дзяцінстве?

Сітуацыя: муж заразіўся вятранкай на працы ад калегі, а калега ад свайго малодшага браціка. Мужа абсыпала ўсяго, і тэмпература збіваецца толькі на некалькі гадзін, але зноў вяртаецца. Захворванне "прыгожае" — муж выглядае як леапард: з мноствам зялёных і чырвоных прышчыкаў, адно што, не можа падняцца з ложка ад ліхаманкі.

Участковая доктарка сталічнай паліклінікі №17 забегла ў кватэру і ледзь не на бягу выпісала рэцэпт на лекі і знікла. Скажу шчыра, гэта быў мой асабісты рэкорд зносін з доктарам.

"У сям'і ніхто не хварэў, а ў дачкі хутка вяселле. Я як пачула, што на ўчастку вятранка, за галаву схапілася! Але ўсе пытанні на прыёме — прыходзьце, я ўсё раскажу", — з гэтымі словамі ўчастковая проста вылятае з кватэры, просіць не праводзіць.

Гэта добра, але што рабіць мне — кантактнай групе? Бо ў дзяцінстве ніхто ў нашай сям'і на вятранку не хварэў.

"Калі вы не хварэлі — дык 100% захварэеце, пытанне толькі, калі гэта адбудзецца. У вятранкі інкубацыйны перыяд  да трох тыдняў. Як толькі адчуеце хоць найменшую тэмпературу — адразу дамоў і ні ў якім разе не цяжараць, — кажа мне доктарка ўжо на прыёме. — Калі ад часу захворвання вашага мужа прайшло не больш за 72 гадзіны — можна вакцынавацца".

Доктарка дае кантакты паліклінікі, дзе можна прышчапіцца ад вятранкі. Гэта Гарадскі цэнтр вакцынапрафілактыкі на базе дзіцячай інфекцыйнай бальніцы, што на вуліцы Якубоўскага (Фрунзенскі раён). Прышчэпку робяць платна — каля 400-460 тысяч рублёў за прышчэпку.

Інкубацыйны перыяд хваробы да трох тыдняў!

У мяне меней за 12 гадзін, каб прайсці квэст "прышчэпка супраць вятранкі", але ў медцэнтры расчароўваюць.

"А вакцыны няма..."

Ледзь не крычу, што ў мяне лічаныя гадзіны да заўтрашняга ранку — далей прышчэпка не будзе мець сэнсу.

"Нічым не магу дапамагчы, у нас яе не будзе яшчэ два-тры тыдні", — кажуць мне ў цэнтры вакцынацыі.

10-я дзіцячая паліклініка ўвогуле адбівае веру ў бясплатную медыцыну:

"Вакцыны супраць вятранкі ў нас няма, не вы першая пытаецеся — многа тэлефанаванняў, бацькі тэлефануюць. Нам у Беларусь яе не пастаўляюць і, па чутках, не будзе да канца года. Што рабіць дзеткам — не ведаю, мо ў прыватных медцэнтрах нешта будзе",— раяць патэлефанаваць у прыватныя медцэнтры і кажуць, што пытанне да Мінаховы здароўя, чаму вакцыны няма ў Беларусі — ні дзіцячай, ні дарослай.

Можа, у рэгіёнах пашанцуе? У Баранавічах няма вакцыны ні для дарослых, ні для дзяцей — і не будзе да канца года. Што рабіць у выпадку эпідэміі — невядома.

Спрабую знайсці вакцыну ў прыватных медцэнтрах — "Нардзін","Ладэ", "Экамедсервіс".

"У нас няма вакцыны, і калі з'явіцца, невядома, мне вельмі шкада, — кажа мне кансультант з "Нардзіна". — Магчыма, але гэта не 100%, будзе праз некалькі тыдняў".

Раней беларусы скардзіліся на тое, што ў паліклініках знікла імпартная французская вакцына для дзяцей ад коклюшу, адру, дыфтэрыі, слупняку і іншых цяжкіх захворванняў.

Тэлефануем у Мінаховы здароўя. У ведамстве папракаюць: чаму я вятранкай не перахварэла… у дзяцінстве!

"Я вось дачку спецыяльна ў садзік вадзіла, каб яна перахварэла. А бабуля ад яе ў 70 гадоў таксама захварэла. Канешне, дарослы нашмат горш хваробу пераносіць. Да таго ж, прышчэпка платная, яна ў нас калі і закупаецца, дык толькі для медыкаў - для кантактнай группы".

Аказваецца, тры гады, як вакцына ад вятранкі не завозіцца і завозіцца не будзе, бо не ўваходзіць у пералік абавязковай вакцынацыі. Да гэтага прышчэпкі рабілі лішкамі лекаў.

"Гэта пытанне да пастаўшчыкоў, яны перасталі нам вазіць вакцыну, бо на яе вельмі маленькі попыт. А ў маленькіх дозах для аказання платных паслуг нам не хочуць яе вазіць. У нас у Мінаховы здароўя таксама адзін чалавек захварэў на вятранку. А вы мо яшчэ і не захварэеце, калі імунітэт добры", — спадзяюцца ў аддзеле гігіены Мінздароўя.

Тлумачу, што ў мяне на працы палова людзей не хварэла ўвогуле! А яшчэ ёсць цяжарныя дзяўчаты. А гэта асаблівая рызыка! Я ж пераносчык хваробы!

"Ну не хварэлі вы, і што? Калі пачне тэмпература падымацца, на каранцін. У вас яшчэ ёсць час".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі