МТЗ за месяц разгрузіў склады на 300 трактароў з 10,2 тысяч

У кастрычніку 2013 года ў Беларусі ізноў — адразу на 2,5% — выраслі складскія запасы. На сховішчы адправіліся 7,5% ад вырабленых “транспартных сродкаў”. Цалкам статыстыку можна паглядзець на сайце Белстата.

Пяць месяцаў запар складскія запасы скарачаліся. З 82,9% (на 1 траўня) яны зменшыліся да 70,6% (на 1 кастрычніка). І вось на табе! 9 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заяўляе чыноўнікам, што ведае пра “шэрыя” схемы разгрузкі складоў праз дылерскія сеткі. І склады адразу папоўніліся!

Аляксандр Лукашэнка: “Вывезлі ў Літву, вывезлі ў Расію, яшчэ некуды. Грошай не атрымалі, а там, я не хацеў казаць гэта публічна, але скажу: гэта абернецца некаму камерай”.

Скураная і абутковая вытворчасць застаецца чэмпіёнам Беларусі па складскіх запасах. Чатыры месяцы запар яны скарачаюцца, але нават зараз на складах захоўваецца 248% ад сярэднемесячнай вытворчасці! То бок, заводы і фабрыкі могуць спыніцца на два з паловай месяцы — а ў абутковых крамах гэтага нават не заўважаць. Але распавесці пра такую сітуацыю няма каму:

“…таму што ў нас прэзентацыя. Мы сабралі беларускіх і расійскіх аптовых пакупнікоў. І ўсе зараз знаходзяцца ў канферэнц-зале: і дырэктары, і намеснікі”, — адказваюць Еўрарадыё на абутковай фабрыцы “Марка”. Што ж, актыўнасць па разгрузцы складаў відавочная. Шкада, што на сховішчах па-ранейшаму застаецца 3,1 мільёна пар абутку. Кожнаму трэцяму беларусу хопіць!

Паводле Белстата, паціху скарачаюцца складскія запасы на МТЗ. За кастрычнік склад "схуднеў" на… 300 трактароў з 10,2 тысячы. Скараціліся за месяц і запасы тэлевізараў, прычым адразу амаль на 30%. Намеснік гендырэктара “Віцязя” па маркетынгу і збыце Генадзь Азараў распавядае Еўрарадыё, што беларускі рынак надвор’я не робіць, а канкураваць з Samsung і LG за мяжой вельмі складана. Тым больш, што…

“…рынак у Расіі ўпаў на 30%. Увесь рынак ацэньваецца ў 10 мільёнаў тэлевізараў за год па Расіі. Але зараз ідуць прагнозы на 6-7 мільёнаў продажаў”.

Але “не ўсе ідуць у крамы, каб набыць менавіта Samsung ці LG”, — кажа прадстаўнік “Віцязя”.

Аналітык Сяргей Чалы звяртае ўвагу якраз на залежнасць паміж складскімі запасамі і ростам валавога ўнутранага прадукту. На думку эксперта, калі б не праца на склад, ВУП не ўтрымаў бы нават 1,1% росту, які паказвае афіцыйная статыстыка.

“У рынкавай эканоміцы, калі ты павялічваеш складскія запасы, значыць, ты разлічваеш на будучыя продажы. То бок, пакуль што гэта не продажы, але праходзяць па артыкуле “інвестыцыі” — інвестыцыі ў склад. Такім чынам, проста працуючы на склад, ты паказваеш павелічэнне валавога ўнутранага прадукту”.

Як Аляксандр Лукашэнка лаяўся на чыноўнікаў за складскія запасы?

19 красавіка:

“На складах сабралася прадукцыі на 30 трыльёнаў рублёў. Практычна ў два разы больш, чым летась. У чым справа?”

23 траўня:

“Мяне турбуе сітуацыя з рэшткамі на складах. Яна, па-мойму, па некаторых прадпрыемствах недапушчальная. Хаця яны і кажуць, што гэта сезонны характар, і гэтак далей, мы на гэта яшчэ паглядзім”.

11 чэрвеня:

“Казаць, што Расія, наш асноўны партнёр, увайшла ў СГА ці што Еўропа і тая ж Расія ахопленыя крызісам, не трэба. Мы пра гэта ведалі даўно, усё гэта старое, як свет. А спасылацца на тое, што мы не можам канкураваць у Расіі з таварамі ўсяго свету, гэта проста смешна”.

6 верасня:

“Калі да 1 студзеня вы не выйдзеце на тое, што абяцалі, ні Сямашкі, ні дырэктараў на гэтых пасадах не будзе. І яшчэ ацэнку дадзім прэм’ер-міністру, можа быць, ён разам з вамі ў абдымку сыдзе. У мяне выйсця іншага няма”.

9 кастрычніка:

“Узяліся прадаваць — прадавайце. Графік вы самі вызначылі. Стэнаграма выпісаная, з яе мы выберам вашы і міністраў абавязкі, вам [Уладзіміру Сямашку. — Еўрарадыё] дадзім паслухаць, а пасля спытаем”.

Фота: www.gazetaby.com.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі