Мы чатыры гады працавалі на тое, каб на "Лістападзе" з'явіўся беларускі конкурс
20 верасня заканчваецца прыём заявак на ўдзел у конкурсе фестывалю незалежнага беларускага кіно Bulbamovie. Даслаць заяўкі можна па адрасе https://www.facebook.com/bulbamovie. Сам фэст пройдзе ў Мінску 21-22 кастрычнікаў у кінатэатры Silver Screen, што ў "Арэна-Сіці". Максім Жбанкоў, кінакрытык і куратар фэсту, разважае пра бонусы, якія дае Bulbamovie беларускаму кіно.
Цікавыя цытаты Максіма Жбанкова:
Перадусім Bulbamovie — гэта фэст беларускага кіно. Па-другое, гэта фэст новага беларускага кіно, па-трэцяе, мы адзіны кінафэст у гэтай краіне, на жаль, адзіны, які мэтанакіравана працуе на новую генерацыю экранных аўтараў.
У нас ёсць грашовыя ўзнагароды, і гэта таксама наша адрозненне ад "Лістапада". Мы прапануем нашым пераможцам стажыроўкі ў польскіх кінашколах (пераможцы пазамінулага года паўгода працавалі ў кінашколе Кшыштафа Занусі), прасоўваем нашых аўтараў на еўрапейскія пляцоўкі, чым тут ніхто не займаецца.
Калі мы пачыналі, то былі ў стане ціхага адчаю. Першыя праграмы былі проста фатальнымі. Мы іх паказвалі, шчыра кажучы, проста каб падтрымаць аўтараў дзеля любові да беларускага кіно, каб паказаць, што гэта ўсё ж ёсць, каб крыху натхніць працягваць гэтую працу.
Два-тры гады мы пазмагаліся з нашым дзіўным кінематографам, які па якасці не адпавядаў самым сціплым патрабаванням нават рэгіёна (я ўжо не кажу пра глабальнае кіно), і нарэшце дачакаліся цуду. Адбыўся якасны скок. Новая генерацыя неяк намацала свой стыль, сваю інтанацыю, сваю тэматыку. І ў прынцыпе пачалася перазагрузка беларускага кіно: постаўтарытарнага, посттаталітарнага, постідэалагічнага і адначасова постзмагарскага.
Простыя, агрэсіўныя палітычныя слоганы, якія доўгі час дамінавалі ў свядомасці тых, хто спрабаваў у нас рабіць кіно, паціху сышлі. Паўстала новая манера. Больш прыватная, больш эмацыйная і адначасова больш стылёвая. Бо гэтае кіно — відавочна не копія таго, што робіцца за мяжой, але яно проста прыгожае. З'явілася прыгожая карцінка, файны настрой і абсалютна новая кінамова.
Мы чатыры гады працавалі на тое, каб на "Лістападзе" нарэшце з'явіўся беларускі конкурс. Я ўпэўнены, што гэта маленькая перамога ў нашай агульнай барацьбе за культурніцкі прагрэс.
Культурная сітуацыя канфліктная, неспрыяльная, не надта зручная для прысутных, не кажучы пра адсутных, стварае вельмі цікавыя магчымасці. Гэта поле яшчэ незабудаванай прасторы, поле, у якім ёсць магчымасць руху і спроб голасу. І генерацыя не патрабуе для гэтага ні дазволу, ні дырэктываў, ні дэкрэтаў. Яны хочуць рабіць, яны робяць, і гэта фантастычна.
Беларуская новая эстэтыка паўстае па-за канонамі, па-за стандартамі, па-за інерцыяй. Яны ўкладаюцца самі ў сваё кіно, яны робяць яго за ўласны кошт. Але ў гэтым ёсць вельмі файная рыса: калі ты сам сабе гаспадар, сам за ўсё адказваеш, то і справаздачу даеш толькі перад сабой і гледачамі.