"Мы — у масках, а вы як хочаце": гандлёвыя цэнтры расказалі пра масачны рэжым
Рэкамендацыя на шкле крамы аднаго з мінскіх ГЦ / Еўрарадыё
Мы патэлефанавалі на гарачую лінію некалькіх мінскіх гандлёвых цэнтраў, універмагаў і гіпермаркетаў і паспрабавалі высветліць, ці пусцяць нас па пакупкі без масак.
Дзесьці неахвотна згаджаліся адчыніць дзверы для кавід-дысідэнта, а дзесьці папярэдзілі, што з пакупкамі не выйдзем: на касе не разлічаць. Маўляў, адменена толькі адміністрацыйная адказнасць за адмову выконваць масачны рэжым — але не сам масачны рэжым.
"Насіце маску, не памыліцеся"
Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале 22 кастрычніка напісала: штрафаў за адсутнасць маскі ў грамадскіх месцах не будзе.
"Адменена прымяненне адміністрацыйнай адказнасці да фізічных асоб за невыкарыстанне сродкаў аховы органаў дыхання (далей — маскі) на аб'ектах усіх формаў уласнасці і ў грамадскім транспарце.
Але разам з тым ва ўмовах эпідэміялагічнай сітуацыі Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе грамадзянам выкарыстоўваць сродкі аховы органаў дыхання пры наведванні аб'ектаў і арганізацый", — сказана ў паведамленні Мінздароўя.
У дзвюх буйных дзяржаўных крамах кавід-дысідэнтаў не знайшлося. У адной з іх стаўленне да масачнага рэжыму дэманструюць уласным прыкладам і даюць кліентам свабоду выбару. Ці, як лаканічна сфармулявалі на інфалініі:
— Мы — у масках. А вы — як хочаце.
У другой карэспандэнта Еўрарадыё запэўнілі: масачны рэжым ніхто не адмяняў. І спаслаліся на словы галоўнага санітарнага лекара, намеснік міністра аховы здароўя Аляксандра Тарасенкі, які абвясціў абавязковае нашэнне масак і захаванне дыстанцыі ў грамадскіх месцах з 9 кастрычніка.
— Вас пусцяць унутр, але вас не абслужаць. Уведзены абавязковы масачны рэжым.
— Дык яго ж адмянілі, — карэспандэнтка Еўрарадыё працягвала мімікраваць пад кавід-дысідэнта.
— Дзяўчына, яго не адмянілі, — стомлена і, здаецца, не першы раз паведамілі на інфалініі. — На касе вас наўрад ці абслужаць без маскі. З 9 кастрычніка уведзены масачны рэжым. Насіце маску — не памыліцеся.
У ГЦ "Дана Мол" сказалі, што ім новых распараджэнняў не паступала — усе супрацоўнікі носяць маскі і пакупнікам раяць.
Магчыма, нам здалося, але асобныя гандлёвыя цэнтры, якія дазволілі нам прыходзіць да іх без маскі, выдалі гэты дазвол ну вельмі неахвотна.
У ГЦ "Галілеа" сказалі, што ў гандлёвы цэнтр наведвальнікам без масак уваход адкрыты. А вось гарантаваць, што ў краме пагодзяцца абслужыць без маскі, не могуць.
— За правілы ў нашых арандатараў я не адказваю.
Нам нагадалі, што, хоць штрафы за адсутнасць масак адмененыя, іх усё ж лепш насіць.
У двух гіпермаркетах нас пагадзіліся абслужыць без маскі. Але нам падалося, што прынамсі ў адным з іх робяць гэта вымушана, а не з салідарнасці з кавід-дысідэнцтвам.
ГЦ: "Можна ўзяць бясплатныя маскі, а мы ў сацсетках дзякуем тым, хто іх носіць"
Калі мы патэлефанавалі на гарачую лінію ГЦ Galleria Minsk, там прызналі: без маскі на тэрыторыю цэнтра нас пусцяць, выганяць не стануць.
Еўрарадыё паразмаўляла з аддзелам маркетынгу гандлёвага цэнтра. Там растлумачылі — усё на адказнасці пакупніка. Са свайго боку гандлёвы цэнтр зрабіў усё, каб сваіх гасцей абараніць.
— Мы арыентуемся на правілы, якія нам спускаюць вышэй. Кожны наш наведвальнік можа ўзяць бясплатную маску на інфацэнтры, але гэта на яго адказнасці.
Так, ёсць некаторыя няяснасці, але мы са свайго боку гарантуем, што кожны пакупнік будзе забяспечаны маскай, калі ён лічыць, што для яго гэта гарантуе бяспечнае знаходжанне ў гандлёвым цэнтры.
Мы не плануем спыняць інфармацыйную работу з наведвальнікамі. Пра людзей трэба клапаціцца, папярэджваць, хоць бы нагадваць ім пра важнасць насіць маску, апрацоўваць рукі. Але мы і не прымушаем рабіць гэтага.
Мы проста ўсе падрыхтавалі, усім можна скарыстацца: прачытаць інфармацыйныя таблічкі, праслухаць аўдыярэкламу пра важнасць выканання мер засцярогі, апрацаваць рукі антысептыкам.
Мы, у сваю чаргу, і ў сацыяльных сетках, і на сайце, і на нашым інфармацыйным экране дзякуем людзям, якія прыйшлі ў гандлёвы цэнтр у масцы.
Прадавачка пра масачны рэжым: цяпер нельга прымусіць пакупніка надзець маску
Пасля адмены масачнага рэжыму практычна не застаецца аргументаў для таго, каб угаварыць пакупніка надзець маску, паскардзілася Еўрарадыё прадавачка аднаго з абласных гандлёвых цэнтраў.
— Калі ўвялі масачны рэжым, па крамах і гандлёвых цэнтрах хадзіла санстанцыя. Гэта дысцыплінавала прадаўцоў, яны адмаўляліся абслугоўваць пакупнікоў без масак. А цяпер кожны робіць так, як яму хочацца. І прадаўцы, і пакупнікі.
Зусім нядаўна мне скардзіліся калегі: да іх у павільён зайшлі дзве пакупніцы без масак. На заўвагу адрэагавалі чакана: маўляў, масачны рэжым адмянілі, мы не абавязаныя іх надзяваць.
Для гэтага ж і існуе палітычная воля: прадавец не можа прымусіць пакупніка надзець маску, але гэта можа зрабіць дзяржава.
І гэта тая сфера, дзе дзяржава магла б скарыстацца сваёй магчымасцю прадыктаваць умовы, лічыць суразмоўніца Еўрарадыё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.