Мытны саюз адменіць 13-разовае перавышэнне стронцыю ў дзіцячым харчаванні?
Пасля выхаду на Еўрарадыё сюжэта пра скандальны тэхрэгламент №880 Еўразійская эканамічная камісія патлумачыла, як магчыма змяніць сітуацыю.
У ліпені Еўрарадыё паведамляла пра тэхрэгламент Мытнага саюза №880, які дазволіў рэзка паслабіць нормы па стронцыі-90 у прадуктах харчавання.
Да прыкладу, у малацэ цяпер можа ўтрымлівацца стронцыю ў пяць разоў больш, чым раней. Па дзіцячым харчаванні дазволілі 13-разовае (!) павелічэнне нормы.
Новы тэхрэгламент выклікаў хвалю крытыкі ў грамадстве. Рэзка на яго адрэагаваў і наш Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У ведамстве выказалі наступную пазіцыю: новы тэхрэгламент склалі, не ўлічыўшы беларускую сітуацыю, і толькі дзейныя беларускія нормы (дакумент РДУ-99) гарантуюць жалезную радыяцыйную бяспеку ў нашай краіне.
Склалася парадаксальная сітуацыя. У Беларусі адначасова дзейнічаюць старыя жорсткія нормы і новы тэхрэгламент Мытнага саюза.
Еўрарадыё атрымала адказ па праблеме з Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК). Папера складзена дырэктарам Дэпартамента тэхнічнага рэгулявання і акрэдытацыі Васілём Байцовым (ДАКУМЕНТ).
У ёй сказана, што тэхрэгламент №880 быў узгоднены (!) з упаўнаважанымі органамі Беларусі. І нацыянальнае санітарнае заканадаўства ўрэшце рэшт павінна быць гарманізавана з Супольнымі санітарнымі патрабаваннямі. Тым не менш факт істотных адрозненняў ёсць, і пытанне на гэты конт падняў Дзяржстандарт Беларусі. Таму існуе механізм, як паправіць недасканаласці ў тэхрэгламенце №880.
“Прапановы Дзяржстандарта Беларусі ўключаны ў зводку водгукаў па праекце зменаў, якая разам з дапрацаваным праектам зменаў падлягае накіраванню на разгляд урадам дзяржаў-сябраў Мытнага саюза для прыняцця рашэння аб накіраванні на ўнутрыдзяржаўнае ўзгадненне”, ― паведамляе Васіль Байцоў.
Выходзіць, што шанец паўплываць на недасканалы тэхрэгламент застаецца. Натуральна, у выпадку, калі беларускія чыноўнікі выявяць прынцыповасць і спрыт.
Выказаць сваю пазіцыю па праблеме мы прапанавалі і Міністэрству аховы здароўя Беларусі.
Адказ, падпісаны галоўным дзяржаўным санітарным урачом Беларусі Ігарам Гаеўскім, аказаўся нечаканым. У ведамстве ужо разглядаюць пытанне аб адмене жорсткіх беларускіх нормаў, але абяцаюць захаваць радыялагічны дабрабыт. (ДАКУМЕНТ)
“Якім чынам?” ― звяртаемся да Алены Нікалаенкі, вядучага навуковага супрацоўніка лабараторыі радыяцыйнай бяспекі “РНПЦ гігіены” (яна мела непасрэднае дачыненне да адказу з Міністэрства аховы здароўя).
“Радыяцыйнай бяспекі можна дасягаць, і не грунтуючыся толькі на РДУ-99. Галоўнае ― працягваць тыя ж пастаянныя агратэхнічныя мерапрыемствы, якія праводзіліся ў Беларусі раней, ― лічыць Алена Нікалаенка. ― І гэта не дазволіць пераходзіць стронцыю ў сельскагаспадарчую прадукцыю. Праводзіць гэтыя мерапрыемствы патрэбна ўвесь час, пастаянна”.
Прасцей кажучы, Міністэрства аховы здароўя Беларусі гатова прыстасавацца да тэхрэгламента Мытнага саюза.
Нагадаем, што жорсткія беларускія нормы ў канцы 1990-х распрацоўвалі, падлічыўшы сярэдні рацыён харчавання беларусаў. Ціха пагадзіцца на новы тэхрэгламент азначае прызнаць недастатковую кампетэнтнасць нашых навукоўцаў.
Ёсць у праблеме з тэхрэгламентам №880 і палітычны аспект. Радыяцыйная бяспека была для Беларусі фішкай, каньком. Што казаць, калі вымяральныя прылады нашых прадпрыемстваў закупляюць нават японцы. Калі беларускія чыноўнікі так лёгка саступяць у фірмовым для сябе пытанні, то што казаць пра іншыя інтарэсы нашай краіны ў межах Мытнага саюзу.