На прыборку 9-павярховага дома і тэрыторыі каля яго ЖЭС траціць 7,8 мільёна

Жыроўка за жнівень прыйшла з расшыфроўкай графы “тэхабслугоўванне”. Тут прапісаныя сумы, якія пайшлі на адзін дом у ліпені 2013 года.

У Міністэрстве ЖКГ тлумачаць: у суме, прапісанай за прыборку, “сядзіць заробак дворніку, падаткі, адлічэнні”.

“Тут і заробак дворніку, і мыйныя сродкі, і анучы, венікі, але гэта "бруднымі" такая сума — з падаткамі”.

У ведамстве заўважаюць пра непапулярнасць працы: “У супермаркеты і метро часцей ідуць працаваць прыбіральшчыцамі, чым да камунальнікаў”.

Жанчына-дворнік ля майго дома на Якубоўскага імя не кажа, матывуючы: “Калі нешта не тое скажу — звольняць”. Жанчына скардзіцца, што ЖЭС № 81 ніяк не адрамантуе смеццепрымальнік, каб ён закрываўся і смецце не ляцела проста на падлогу.

“Гэта ж улетку кантэйнер мог і да першай гадзіны стаяць, пакуль машына прыедзе. Адкрываем, а тут! Гэта ж усё гніе. Пляцоўку ніяк не парамантуюць, цяжка вывезці кантэйнер са смеццем. Бывае, і ўчатырох валачом. Але гэты кантэйнер яшчэ паказальны, у іншых дамах — зламаныя калёсікі", — скардзіцца жанчына.

На тэхабслугоўванне майго 9-павярховага дома, у якім 2 пад’езды і 214 кватэр, у ліпені ЖЭС № 81 Фрунзенскага раёна выдаткаваў 15,5 мільёна рублёў, з іх 7,8 мільёна пайшло на прыборку вакол і ўнутры дома, а таксама на абслугоўванне смеццеправоду і кантэйнерных пляцовак.

Пытаюся, колькі наша дворнік зарабляе: аказваецца, 200 долараў прыбаўка да пенсіі. У дворніка з суседняга двара трошкі болей — 2,5 мільёна. Але гэта ў тры разы менш за выдаткі на прыборку нашага дома. І куды дзяваюцца гэтыя грошы?

У ЖРЭА №1 Фрунзенскага раёна ўдакладняюць: 7,8 мільёна на прыборку — гэта не толькі заробак дворніку.

“Тут сядзяць яшчэ выдаткі на матэрыялы, на заробак майстрам, заробак дворніку разам з падаткамі”, — кажуць у ЖРЭА.

Падлічваем, што, да прыкладу, на мыйку пляцовак пад'езда плошчай у 1 399 метраў 2 разы на месяц прыбіральшчыца атрымае максімум 200 тысяч рублёў.

Дарэчы, ноу-хау ад камунальнікаў — расшыфроўку тэхабслугоўвання — атрымалі відавочна толькі ў сталіцы. Чытачы сайта Еўрарадыё пішуць аб тым, што ні ў Пінску, ні ў Гомелі, ні ў Віцебску такіх новаўвядзенняў пакуль няма, хоць паўсюль паперы на ўвядзенне расшыфроўкі ўжо атрымалі. У Гомельскім ЖРЭА чакаюць такую сістэму са страхам.

“Калі ў нас увядуць гэтую сістэму (тлумачэнні выдаткаў на тэхабслугоўванне. — заўв. Еўрарадыё), у нас пачнуцца праблемы ў будучыні — пачнуць звяртацца людзі. Мы пакуль самі карэктуем гэтую сістэму, для сябе глядзім”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі