На што ідуць мае падаткі? Якія праекты рэалізуюць за кошт падаткаў дыяспары
Павел Лібер / Village Belarus
Частка падатку беларусаў замежжа пойдзе на стварэнне беларускай бібліятэкі і сайта пра Беларусь на англійскай мове для замежнікаў. Як гэта атрымалася?
Беларусы і беларускі, што плоцяць падаткі ў Літве і Польшчы, маглі накіраваць адсотак ад суммы на добрачыннасць у фонды-партнёры “Новай Беларусі”. А потым самастойна вырашыць, на якія праблемы беларусаў накіраваць гэтыя грошы.
“Падчас пілота яго ўдзельнікі і ўдзельніцы прапаноўвалі ідэі праектаў, галасавалі падабайкамі за тыя, якія палічылі вартымі, і разам дапрацоўвалі іх з дапамогай каментароў і онлайн-сустрэч”, — тлумачыць каманда "Новай Беларусі".
У выніку сярод беларусаў Польшчы перамаглі аўтары ідэі стварэння англамоўнага партала пра гісторыю Беларусі. Такім чынам у беларусаў з’явіцца магчымасць патлумачыць замежнікам, хто яны ёсць — і кім былі раней.
А сярод беларусаў Літвы перамагла ідэя стварэння беларускай бібліятэкі з сучаснай беларускай літаратурай для дзяцей і дарослых.
“На базе бібліятэкі можна будзе арганізаваць іншыя актыўнасці: чытальны клуб бел. літ, запрашаць пісьменнікаў”, — кажуць аўтары ідэі.
Дарэчы, пераможцы вызначыліся нават да фінальнага галасавання — арганізатары кажуць, што ў праектаў-лідараў проста не засталося канкурэнтаў.
Агулам удзельнікі і ўдзельніцы прапанавалі 24 ідэі: кожная з іх была накіраваная на вырашэнне пэўнай беларускай праблемы ў эміграцыі.
Агулам у пілотны праект па лічбавым самакіраванні праз падаткі і ўнёскі пералічана больш 13 тыс. еўра ў Літве і мінімум 8 тыс. еўра ў Польшчы. Цягам года пераможцы зробяць справаздачу пра тое, як выкарысталі грошы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.