Нарвегія пачала масавую дэпартацыю мігрантаў, якія прыехалі праз Расію

Нарвегія пачала масавую дэпартацыю мігрантаў, якія прыехалі праз Расію

Нарвегія пачала масавую дэпартацыю мігрантаў, якія прыехалі праз Расію і спрабавалі атрымаць статус уцекачоў. Спробы праваабаронцаў спыніць выдварэнне і звароты ў міжнародныя структуры не далі плёну. Як паведамляе ВВС са спасылкай на прадстаўнікоў Amnesty International, першую партыю мігрантаў сабралі на былой ваеннай базе каля гораду Кіркенэс на мяжы з Расіяй. Іх адвязуць аўтобусамі да памежнага пераходу.

Менавіта праз Кіркенэс цягам некалькіх месяцаў мігранты, сярод якіх пераважалі сірыйцы, перасякалі мяжу з Нарвегіяй. З-за асаблівасцяў расійскага заканадаўства, якое забараняе перасячэнне мяжы ў гэтым месцы пешшу, мігранты масава скуплялі ровары і праязджалі на іх праз мяжу.

Усяго ў другой палове 2015 года ў Нарвегію такім чынам прыбыло 5500 чалавек. Усе яны мелі візы для знаходжання на тэрыторыі Расіі або прыдатныя для перасоўвання па Расіі транзітныя дакументы. Такім чынам, у афіцыйным Осла мяркуюць, што замежныя госці маглі прасіць прытулку яшчэ да прыбыцця ў Нарвегію.

У лістападзе нарвежскія ўлады закрылі мяжу для мігрантаў і ўнеслі змены ў заканадаўства. Цяпер у разглядзе хадайніцтва аб прытулку будзе адмоўлена, калі мігрант прыбыў з краіны, дзе яго жыццю нічога не пагражала. Расія лічыцца ў цэлым беспраблемнай у гэтым сэнсе краінай.

Праваабаронцы ў сваю чаргу выказваюць занепакоенасць тым, што дэпартаваныя ў Расію сірыйскія бежанцы не змогуць атрымаць там прытулак і будуць выдвараныя ў ахопленую вайной Сірыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі