Наводчык: У Буку ёсць відэакамера і экран, праз які можна пабачыць самалёт
Моладзевы актывіст Іван Шыла служыў у войску аператарам такога ж ракетнага комплекса, які меркавана збіў малайзійскі Боінг.
Еўрарадыё пацікавілася ў Івана, ці лёгка навучыцца кіраваць ракетным коплексам Бук.
Іван Шыла: 5 год прайшло пасля войска, і гэта ўсё забываецца, тым больш, што мы капалі акопы. Там ёсць кіроўца-механік, бо Бук мабільны комплекс, ён ездзіць. Пасля ёсць 3 чалавекі, адзін з іх афіцэр, які ўсім кіруе, ёсць аператар, я быў аператарам, і яшчэ адзін чалавек, не памятаю, чым ён займаецца. Агулам там індыкатары, экраны, на якіх можна захапіць цэль і суправаджаць, і непасрэдна кнопкі, каб выпусціць ракеты.
Ёсць відэа. Калі ты захопліваеш цэль, на яе наводзіцца камера, ёсць экран. Калі не самае кепскае надвор'е, фізічна можна паглядзець, што гэта ляціць грамадзянскі самалёт, а не іншы. У нас былі трэніроўкі, і вучылі нас захопліваць пасажырскую авіацыю, бо баявая лятае толькі падчас вучэнняў. Калі былі вучэнні, то, прынамсі, той Бук, які быў у той частцы, дзе я служыў у Лепельскім раёне, баявыя самалёты не бачыў. Вось ты выходзіш і бачыш, што ляціць самалёт над часткай, а на радары яго не бачна. А вось грамадзянскія самалёты – ідэальна, і там вучыцца асабліва не трэба.
Еўрарадыё: Ці былі падрыхтаваныя аператары з Расіі, каб кіраваць комплексам?
Іван Шыла: Калі там ёсць інструкцыя ў гэтым Буку, то за дзень можна навучыцца, калі гаворка пра пасажырскі самалёт, баявыя цяжэй, бо яны там адстрэльваюць цеплавыя ракеты. А пасажырскі самалёт з Бука збіваецца вельмі проста.
Еўрарадыё: Ты зараз змог бы сесці і ўзгадаць?
Іван Шыла: Так, з улікам таго, што мяне асабілва не вучылі. Я кажу, калі гаворка ідзе пра пасажырскі самалёт. Ён не робіць манеўраў, добра бачны. Адразу на радары бачна, што ляціць самалёт. І вельмі проста яго захапіць.
Еўрарадыё: А што ты рабіў?
Іван Шыла: Мая функцыя як аператара за 2 гадзіны ўзгадваецца. Перада мной быў такі індыкатар — вельмі стары зялёны экран. Я круціў такую ручку па экране, перасоўваўся квадрат. Я бачыў на гэтым экране цэль, яна выдзялялася, і мне трэба было дакруціць, каб гэты квадрат захапіў цэль, націснуць кнопку, што цэль захоплена. Лічы, што наводчык.
Перад камандзірам яшчэ ёсць экран, але ён вызначае агулам цэль. А перад ім – кнопкі непасрэднага пуску ракеты.
Еўрарадыё: А хто выпускае ракеты?
Іван Шыла: Афіцэр сам.
Еўрарадыё: Там шмат кнопак, я б не разабраўся...
Іван Шыла: З маімі вайсковымі здольнасцямі я таксама быў уражаны вялікай колькасцю кнопак. Але там усё вельмі проста. Большую частку кнопак можна не выкарыстоўваць. Там, дзе ракету запускаць, кнопкі запячатаны і напісана, што трэба распячатваць і націснуць.
Еўрарадыё: Колькі чалавек трэба, каб збіць самалёт?
Іван Шыла: Думаю, хопіць і двух. Механік толькі кіруе, а так, наводчык і той, хто запускае.