Найлепшыя з найлепшых: агляд выдатных “пратэсных” твораў за 2021 год

Найлепшыя з найлепшых: агляд выдатных “пратэсных” твораў за 2021 год

Уздым “пратэснага” беларускага мастацтва — гэта вынік працы творчай інтэлігенцыі Беларусі ва ўмовах вымушанай эміграцыі, а таксама рэакцыя на рэпрэсіі ад дзейных беларускіх уладаў. У 2020–2021 гадах з’явілася шмат выдатных твораў ад дзеячаў беларускай культуры — гэта акцыі падтрымкі беларусаў, фільмы, відэапраекты, кнігі ды іншае.

Кіраўнік Беларускай рады культуры, стваральнік Tuzinfm.by Сяргей Будкін расказаў Еўрарадыё пра найбольш адметныя “пратэсныя” творы за апошні год.

— Магу тут разважаць перадусім у кантэксце дзейнасці Беларускай рады культуры, — расказвае Сяргей. — Сёлета мы ініцыявалі, падтрымалі ці паспрыялі рэалізацыі 82 творчых праектаў.

Найлепшыя з найлепшых: агляд выдатных “пратэсных” твораў за 2021 год
Сяргей Будкін / Еўрарадыё

— Для мяне тут найперш вылучаецца беларускамоўны ютуб-канал для дзетак “Бэйбус”, тварам якога стаў Маляваныч [Аляксандр Ждановіч. — Еўрарадыё] і які надалей будзе абрастаць новымі праектамі, — працягвае Сяргей. — Хутка, напрыклад, будзе прэзентацыя аўдыяцыкла вершаў палітвязня Андрэя Скурко, якія ён піша з-за кратаў. Іх прачытаюць народныя артысты Беларусі і маладыя таленавітыя акторы. Таксама рыхтуецца да запуску праект аўтараў “Калыханкі”, якія сышлі з БТ, сумесныя праекты з часопісамі “Асцярожна: дзеці” і “Дуду”.

Найлепшыя з найлепшых: агляд выдатных “пратэсных” твораў за 2021 год
Аляксандр Ждановіч, ён жа “Маляваныч” / фота суполкі “Бэйбус” у фэйсбуку

На думку кіраўніка Беларускай рады культуры, яшчэ адной важнай падзеяй стала з’яўленне праекта “Артысты Перамогі”, прысвечанага пісьменнікам, акторам, музыкам, мастакам — артыстам, якія ствараюць культуру новай Беларусі.

— У яго межах з’яўляюцца відэаролікі, здымаюцца канцэрты і выходзяць лонгрыды з гісторыямі нашых нескароных творцаў. Дзякуючы іх выступам у межах праекта дапамогу атрымалі пад сотню калегаў, — кажа Сяргей. — З міжнародных акцый вылучу найперш Міжнародны тыдзень культуры, які быў ініцыяваны Беларускай радай культуры разам з Офісам Святланы Ціханоўскай і НАУ Паўла Латушкі. Акцыі з гэтай нагоды прайшлі ў 40 гарадах свету. Спадзяюся, што гэтая падзея стане штогадовай, бо гэта добрая магчымасць для таго, каб трымаць увагу да нашага парадку дня і агулам для прамоцыі беларускай культуры.

Безумоўнай падзеяй стала і “Ноч расстраляных паэтаў”, якая таксама прайшла ў чатырох дзясятках гарадоў свету. А выхад сёлета кнігі “Нерасстраляныя” — гэта фінальны пункт праекта, прысвечанага рэпрэсаваным беларускім літаратарам 1930-х.

Найлепшыя з найлепшых: агляд выдатных “пратэсных” твораў за 2021 год
Канцэрт у рамках Міжнароднага тыдня беларускай культуры, Літва, 2021 год / скрыншот відэа з ютуб-канала Belarusian Culture Solidarity Foundation

— Не магу не прыгадаць нашы ўдалыя кампаніі ціску па выключэнні Белтэлерадыёкампаніі са складу ўдзельнікаў Еўрапейскага вяшчальнага саюза (EBU), а таксама супраць удзелу прадстаўнікоў БТРК у конкурсе песні “Еўрабачанне-2021”, — падкрэслівае Сяргей Будкін. — У выніку EBU дыскваліфікаваў афіцыйнага прадстаўніка Беларусі праз парушэнне правілаў конкурсу. Таксама быў пазбаўлены міжнароднай акрэдытацыі фэйкавы фестываль “Лістапад”.

На думку кіраўніка Беларускай рады культуры, 2021 год запомніцца працамі мастачкі Вольгі Якубоўскай і Руфіны Базловай, пастаноўкамі вольных “Купалаўцаў”, Сучаснага мастацкага тэатра, Беларускага свабоднага тэатра і асобна спектаклем Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды пра забойцу Аляксандра Тарайкоўскага. Яшчэ культурны дзеяч вылучае сатырычны дуэт былой опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук і грамадскага актывіста Андрэя Павука.

Найлепшыя з найлепшых: агляд выдатных “пратэсных” твораў за 2021 год
Малюнак мастачкі Вольгі Якубоўскай з цыкла пра культавых “пратэсных коцікаў” / фота з акаўнта ў фэйсбуку Вольгі Якубоўскай

Сярод іншых выдатных пратэсных твораў, адзначаных Сяргеем Будкіным — дакументальныя фільмы пра падзеі 2020 года: “Courage” Аляксея Палуяна, “Я выходжу” Максіма Шведа, “Калі кветкі не маўчаць” Андрэя Куцілы. На думку мужчыны, вартыя ўвагі беларусаў новыя кнігі Альгерда Бахарэвіча, Уладзіміра Някляева, Фелікса Аксёнцава, новыя альбомы “Крамы”, “Петли пристрастия”, РСП, Dlina Volny, Ані Хітрык.

— З музычных сюрпрызаў яшчэ вялікае захапленне выклікалі фіналісты конкурсу “Заспявай-7”, які, уласна, і падараваў нам, на маю думку, галоўны трэк 2021 года — “Месяц” Паліны і Кеціваны, — адзначае культурны дзеяч.

Найлепшыя з найлепшых: агляд выдатных “пратэсных” твораў за 2021 год
Кліп на песню “Месяц” дуэта “Palina feat. Ketevan” / ютуб-канал TuzinFM

— Гэты год запомніцца таксама сумнымі падзеямі — смерць Вітольда Ашурка, арышт мастака Алеся Пушкіна, справа гурта Irdorath i іх сяброў. Агулам жа, па нашых падліках, 74 чалавекі, якія звязаныя са сферай культуры, зараз знаходзяцца пад арыштам, — падсумоўвае Сяргей Будкін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі