“А назіральнікі і не павінны бачыць, за каго “галачка” у выбарчым бюлетэні”

“Каб ніхто не змог нават папракнуць нас, падкапацца пад нейкія праблемы і пытанні”, — такое заданне дае кіраўнік краіны старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай і іншым чыноўнікам падчас адмысловай нарады. І на ўсялякі выпадак нагадвае ўсім, хто на выбарах галоўны:

“ЦВК і толькі ён будзе займацца арганізацыяй і правядзеннем выбарчай кампаніі. Усе астатнія, і я ў тым ліку, будуць удзельнічаць настолькі, наколькі гэтага запатрабуе ЦВК”.

Добра, ЦВК самы галоўны, але ці сапраўды ва ўсім? Не, прызнаецца Еўрарадыё старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Уплываць на фармаванне выбарчых камісіі ЦВК не можа. Займаюцца гэтым мясцовыя ўлады. І калі старшыня нейкага райвыканкама адмовіцца ўключаць у склад выбарчай камісіі прадстаўніка нейкай апазіцыйнай структуры, ЦВК нічога з гэтым не зробіць.

Лідзія Ярмошына: “Тут не захочуць — не паслухаюць. Усё ж такі, сыходзіць трэба з палітычнай волі. Бо тут пытанне не юрыдычнае, а палітычнае: калі выканаўчыя камітэты будуць укладацца ў 30%, вызначаныя законам, для грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, то яны ўжо самі вызначаюць склад камісіі”.

Адзінае, чаго можа дамагчыся ЦВК ад мясцовых уладаў, каб яны падрабязна тлумачылі, чаму кандыдатуру гэтага чалавека ўхвалілі, а іншаму адмовілі.

Праўда, і пра гэтую “паслугу” Цэнтрвыбаркам толькі “просіць” мясцовых чыноўнікаў.

“Падчас апошніх мясцовых выбараў толькі 0,01% удзельнікаў камісій былі прадстаўнікамі дэмакратычных сіл”, — нагадвае прадстаўнік кампаніі “Права выбару” Дзяніс Садоўскі.

Але найперш назіральнікі скардзяцца на немагчымасць сачыць за падлікам галасоў. Дакладней, яны не бачаць, за якога кандыдата стаіць “птушачка” ў кожным канкрэтным бюлетэні. Што на гэты конт кажа выбарчае заканадаўства? Што назіральнік “павінен знаходзіцца на адлегласці, якая дазваляе яму назіраць працэдуру падліку галасоў”. Толькі што гэта дае? Ну, быў я на выбарчым участку падчас апошніх выбараў, падыходзіў да самага стала, на якім камісія лічыла і раскладвала па стопках бюлетэні, але ж ці сапраўды ў стопцы “за Іванова” былі толькі яго бюлетэні — не бачыў. Дзе празрыстасць падліку галасоў?

“Мы можам тады да абсурду дайсці, калі ўсіх лічыць злачынцамі, — абураецца старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. — Давайце сыходзіць з даверу, з прэзумпцыі невінаватасці. Бо пры жаданні можна зрабіць усё — ужо не ва ўчастковай камісіі, калі паставіць такую задачу! Усё залежыць ад чалавечага фактару, ніводнае заканадаўства поўных гарантый не дае”.

На пытанне Еўрарадыё: “Чаму б не паказваць назіральнікам кожны бюлетэнь, каб яны бачылі, за каго гэты голас”, глава ЦВК адказвае: “У нас гэтага пакуль няма ў законе — таму”.

Што зрабіць, каб і назіральнікі былі задаволеныя, і ўдзльнікам камісіі ніхто не перашкаджаў працаваць? У Дзяніса Садоўскага адказ адзін.

Дзяніс Садоўскі: “Калі нашы сябры будуць дапушчаныя да паліку галасоў і мы, не перашкаджаючы сябрам камісій, будзем бачыць, за каго ў кожным бюлетэні пастаўленая “галачка”. 

Дырэктар СШ №1 Вілейкі і пастаянны старшыня выбарчай камісіі Ніна Крышкоўская сцвярджае: яны заўжды знаходзяць паразуменне з назіральнікамі, усе задаволеныя. Але на пытанне, ці бачаць “яе” назіральнікі, за каго стаіць “галачка” ў бюлетэні, дае такі адказ:

“А яны і не павінны гэтага бачыць! Адзін чалавек лічыць — ён і раскладвае. Камісія бачыць. А назіральнік не мае права лезці ў гэтую працу. Хай назірае і глядзіць тое, што яму трэба. Калі ёсць якія пытанні, то тады толькі”.

А калі ёсць пытанне, ці сапраўды ў гэтым бюлетэні стаіць галачка насупраць прозвішча Іванова? “Пакажам яму гэты бюлетэнь — калі ласка!” — запэўнівае Ніна Крышкоўская. Праўда, ад прапановы адразу паказваць кожны бюлетэнь назіральнікам, каб у іх і сумневаў ніякіх не ўзнікала, адмаўляецца. Маўляў, гэта расцягне падлік на тыдзень!

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі