"Не хмарачосы, а кіламетры збудаванняў": чым палякі адгарадзіліся ад Беларусі
Дональд Туск
Польшча будуе на межах з Беларуссю і Расіяй найбуйнейшы з 1945 года фартыфікацыйны праект. Прэм'ер-міністр Дональд Туск распавёў, што сабой ўяўляе сістэма "Усходні шчыт", піша "Польскае радыё".
Ён мяркуе, што не ўсе палічаць забудовы "ўражлівымі", таму што сістэма ўяўляе сабой "не хмарачосы, а кіламетры канструкцый".
"Часткі гэтай канструкцыі не бачныя няўзброеным вокам, — кажа прэм'ер. — Усё, што мы робім [...], накіравана на тое, каб стрымаць і збянтэжыць магчымага агрэсара, таму гэта сапраўды інвестыцыя ў мір. Мы выдаткуем на гэта мільярды злотых, але цяпер уся Еўропа назірае за гэтым з вялікім задавальненнем і пры неабходнасці падтрымае гэтыя інвестыцыі і нашу дзейнасць", — цытуе Туска "Польскае радыё".
Кіраўнік урада запэўніў, што краіны, якія ўваходзяць у Балтыйскі рэгіён, будуць супрацоўнічаць з Польшчай, каб гэтая інфраструктура была эфектыўнай не толькі на польскіх участках, але і на ўсім працягу мяжы.
Польшча таксама плануе ўмацаваць мяжу на ўкраінскім кірунку.
"Усходні шчыт" — праграма, падрыхтаваная Міністэрствам нацыянальнай абароны і Генеральным штабам Войска Польскага, якая прадугледжвае будаўніцтва розных тыпаў умацаванняў, наземных загарод і вайсковай інфраструктуры на межах Польшчы з Расіяй і Беларуссю. Агульная працягласць умацаванняў — каля 800 кіламетраў. Таксама плануецца абсталяваць мяжу сістэмамі разведкі і выяўлення пагроз і разгарнуць сістэмы барацьбы з дронамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.