Нелегальныя мігранты прарываюцца ў Венгрыю нават праз высокую агароджу
Нелегальныя мігранты з азіяцкіх і афрыканскіх краін прарываюцца праз вянгерскую мяжу, нягледзячы на пастаўленую там высокую агароджу. Калі ў студзені паліцыя затрымала 550 нелегалаў, то за першыя 20 дзён лютага іх колькасць перавысіла 1200.
У верасні мінулага года Венгрыя паставіла на мяжы з Сербіяй 4-метровы бар’ер з калючага дроту, каб спыніць бескантрольны паток мігрантаў праз паўднёвыя краіны Еўрасаюза. Гэты крок выклікаў крытыку з боку міжнароднай супольнасці, аднак з таго часу яшчэ шэсць краінаў ЕС прынялі рашэнне ўмацаваць свае межы.
Усё большай колькасці мігрантаў удаецца або пераразаць калючы дрот, або пералазіць праз агароджу. Большасць з іх — гэта грамадзяне Пакістана, Ірана і Марока, якія не могуць прэтэндаваць на статус уцекача ў Еўропе. У Венгрыі ім пагражае турэмнае зняволенне або дэпартацыя, перадае ВВС.
У 2015 годзе ў краіны ЕС прыбыло болей за мільён мігрантаў. 19 лютага ўрад Аўстрыі ўвёў ліміт на колькасць бежанцаў, чые прашэнні аб прытулку будуць разглядацца. Гаворка ідзе пра 80 заяваў на суткі.