Нібы ён тэрарыст №1, а бен Ладэн адпачывае: гутарка з бацькам Рамана Пратасевіча
Раман Пратасевіч / Еўрарадыё
26 траўня, выступаючы ў парламенце, Аляксандр Лукашэнка фактычна абвінаваціў журналіста Рамана Пратасевіча ў забойствах, учыненых на тэрыторыі Украіны. "Хай заходнія абаронцы адкажуць: на якія спецслужбы працавалі двое затрыманых? Хто плаціў падонку, які забіваў людзей у братэрскай Украіне?" — цытуе кіраўніка Беларусі праўладны тэлеграм-канал.
Двое затрыманых пасажыраў борта Ryanair Афіны — Вільня, які 23 траўня прызямліўся ў Мінску, гэта Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка Сафія Сапега. Амаль адразу пасля затрымання па тэлеграме папаўзлі чуткі, што Пратасевіч некалькі гадоў таму ваяваў ва Украіне. А 26 траўня былі апублікаваныя фатаграфіі, на якіх Пратасевіч пазіруе са зброяй і стаіць у шэрагах байцоў батальёна "Азоў".
Аднак бацька журналіста Дзмітрый Пратасевіч у стрыме Еўрарадыё зняпраўджвае тое, што Раман удзельнічаў у баявых дзеяннях. Ён кажа, што Раман Пратасевіч сапраўды ездзіў на паўднёвы ўсход Украіны, але не як салдат-найміт, а як фатограф-фрылансер.
"Цяпер можна прыпісаць майму сыну ўсё што заўгодна, каб паказаць — глядзіце, які ён: маўляў, быў там і там, ваяваў ва Украіне і гэтак далей", — кажа Дзмітрый Пратасевіч.
"Згодна з сусветнымі нормамі журналіст не ўдзельнік вайны, ён — асоба няўзброеная, — працягвае Раманаў бацька. — Украіна — гэта дзяржава, якая вядзе законную дзейнасць на Данбасе па вызваленні сваёй тэрыторыі. Прыраўноўваць журналіста да тэрарыста? Такое мы ўжо дзесьці праходзілі. Журналіст роўна тэрарыст у нас, разумееце?" — дадае ён.
Мы паразмаўлялі з Дзмітрыем Пратасевічам пра тэрарызм, бяспеку, цану прызнанняў за кратамі і сляды душэння на Ромавай шыі.
"Упэўнены, што гэта дакладна спланаваная аперацыя"
Еўрарадыё: Як вы ўспрынялі сітуацыю, у якой апынуўся ваш сын?
Дзмітрый Пратасевіч: Тое, што здарылася, не ўпісваецца ні ў якія рамкі, і спакойна на гэта рэагаваць немагчыма. Тым больш бацькам і блізкім. Мы нават не падазравалі, што такое можа адбыцца.
Апошнім разам мы перапісваліся з сынам 22 траўня, ён быў на адпачынку. Спрабавалі спісацца 23-га, але Раман не адказваў. Вырашылі, што, магчыма, садзіцца ў самалёт ці ўжо ляціць. І вось, калі з сацсетак мы даведаліся пра пасадку самалёта, у сэрцы ёкнула, што, магчыма, сын там. З першай хвіліны, калі з'явілася інфармацыя і нам пачалі расказваць казкі, не было ніякага сумневу, што гэта ўсё падстаўлена і спланавана, а дзяржаўныя СМІ кажуць няпраўду. Думаю, гэта відавочна не толькі мне, але і ўсім людзям цвярозага розуму.
Я ўпэўнены, што гэта дакладна спланаваная аперацыя. Не ведаю, колькі яна рыхтавалася. Цалкам магчыма, спецслужбы Беларусі падрыхтавалі яе не самастойна, а пры актыўным удзеле іншай краіны. У выпадку няўдачы гэтай аперацыі трэба было б камусьці прыкрываць Беларусь на міжнароднай арэне.
Еўрарадыё: Раман з іроніяй ставіўся да таго, што ў Беларусі яго запісалі ў тэрарысты і экстрэмісты. Наколькі сур'ёзна паставіліся да гэтых спісаў вы?
Дзмітрый Пратасевіч: Для таго каб унесці чалавека ў такія спісы, патрэбныя падставы. Ведаючы тэндэнцыю, якая звязана перш за ўсё з палітычным падтэкстам усіх гэтых спісаў тэрарыстаў і экстрэмістаў, нескладана выказаць здагадку, што была дадзена каманда "ўнесці". Таму, можа быць, з нейкай доляй іроніі мой сын і ставіўся да гэтай гісторыі. Ён нават лічыў, што гэта — нейкая ацэнка яго дзейнасці, Што ўлады сур'ёзна занепакоеныя і яго баяцца.
Вядома, я вельмі перажываю і перажываў тады, што па версіі дзяржавы мой сын "экстрэміст-тэрарыст". Ведаючы ўсю нашу сістэму, я баяўся, што гэта можа адбіцца на блізкіх. З іншага боку, я разумеў, што мой сын у бяспецы.
Раман з'ехаў у 2019 годзе, мы з жонкай — у жніўні 2020-га. Якія б страшылкі ні расказвалі прапагандысцкія СМІ пра страшны Захад, пажыўшы тут, я пераканаўся, што адно з самых вялікіх дасягненняў Еўрасаюза — гэта перш за ўсё бяспека асобы. Вядома ж, мы не маглі падумаць, што адбудзецца такі абуральны выпадак і наш сын, летучы з адной краіны ЕС у другую на борце самалёта, які належыць кампаніі Еўрасаюза, будзе так тэрарыстычна, я па-іншаму б не сказаў, захоплены.
Еўрарадыё: Сцяпан Пуціла кажа, што перасцерагаў Рамана ад карыстання авіярэйсамі, маршрут якіх праходзіць над Беларуссю. А вы самі ніколі не прасілі яго пра гэта?
Дзмітрый Пратасевіч: Мой сын досыць дарослы і самастойны чалавек, каб разумець відавочныя рэчы, якія звязаны з гарантаваннем бяспекі. Канкрэтна пра гэта мы не гаварылі. Вядома, абмяркоўвалі, што ўсё магчыма, тым больш што раней паступалі пагрозы на адрас і Рамана, і Сцяпана, і канала, на якім яны працавалі. Што, маўляў, офіс хочуць падарваць і расстраляць. Але я думаю, што Раман адчуваў сябе ў поўнай бяспецы. Прынамсі, гэтым самым маршрутам Вільня — Афіны ён ляцеў на адпачынак і потым гэтым самым маршрутам вяртаўся назад. Я думаю, што ён не мог нават падумаць, што такое адбудзецца.
Еўрарадыё: Цяпер многія абмяркоўваюць, ці стрэлілі б у пасажырскі самалёт, калі б пілоты не выканалі патрабаванняў і працягнулі б свой палёт да аэрапорта ў Вільні...
Дзмітрый Пратасевіч: Мне складана сказаць, якое рашэнне прынялі б пілоты і тыя, хто кіраваў гэтай аперацыяй. Але ўлады чамусьці дзейнічалі такім чынам. Таму, вядома, не выключана, што, калі б пілоты вырашылі па інструкцыі садзіцца на найбліжэйшы аэрадром у Вільні, з МіГ-29 пусцілі б ракеты класа "паветра — паветра". Я думаю, што такі куш улада б не хацела выпускаць.
Самае страшнае — сляды душэння на Раманавай шыі
Еўрарадыё: Якія ў вас уражанні ад відэа, дзе Раман расказвае, што дае паказанні?
Дзмітрый Пратасевіч: З першых кадраў стала зразумела, што ён кажа не свае словы, што яны завучаныя. Мяркуючы па яго стане, думаю, што яго прымушалі паўтараць гэту прамову шмат-шмат разоў. На Раманавым твары выразна відаць сляды збіцця. Магчыма, у яго зламаны нос, таму што скура пакрытая вялікай колькасцю пудры, пашкоджаны левы бок, магчыма, злева выбітыя зубы.
Што самае страшнае — мы заўважылі на Раманавай шыі сляды душэння або вяроўкай, або тросам. Тое, што казаў Раман, зразумела, зроблена пад катаваннямі, пад псіхалагічным і фізічным ціскам. Ведаючы сына, ён не мог прызнацца ў тым, чаго не здзяйсняў. Думаю, што фразай "Я даю прызнальныя паказанні па справе аб масавых беспарадках" сын хацеў сказаць: "Гэта не я, з мяне тут здзекуюцца і катуюць".
Еўрарадыё: Некаторыя пішуць цяпер, што, нягледзячы ні на што, Раман не павінен быў згаджацца гаварыць гэтыя словы...
Дзмітрый Пратасевіч: Думаю, нават з пункту гледжання міжнароднага гуманітарнага права, міжнародных канвенцый, нават з улікам таго прававога поля, у якім праводзяцца гэтыя ўсе мерапрыемствы над маім сынам, усім відавочна: словы, сказаныя пад ціскам, не могуць прымацца ў разлік ні ў якім судзе. Праўда, сістэма работы нашых сілавых структур такая, што, як толькі кагосьці ловяць, тут жа запісваюць відэа з паказаннямі. І выходзіць так, нібы чалавек — ледзь не тэрарыст №1 ва ўсім свеце, а Усама бен Ладэн адпачывае.
Напэўна, ужо даўно ўсе зразумелі, што адбываецца. Я лічу, што неабходна перш за ўсё зрабіць так, каб спыніць здзекі над тымі людзьмі, якія знаходзяцца за кратамі. ХХІ стагоддзе, цэнтр Еўропы, а нас дагэтуль параўноўваюць з Паўночнай Карэяй. Але Паўночная Карэя адпачывае ўбаку, нават калі браць у разлік прыклад нашага сына. Паўночная Карэя не дазваляла сабе захопліваць нечыя самалёты дзеля аднаго чалавека.
Еўрарадыё: Ці ёсць нейкія магчымасці дапамагчы Раману?
Дзмітрый Пратасевіч: Думаю, што яны ёсць. Мы робім шмат намаганняў і на міжнародным, і на ўнутраным узроўні для таго, каб нашага сына ўсё ж вызвалілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.