Нямецкі правы палітык заклікала страляць па нелегальных мігрантах
Старшыня правай партыі еўраскептыкаў “Альтэрнатыва для Нямеччыны” Фрауке Петры заявіла, што нямецкая паліцыя ў выпадку неабходнасці павінна адкрываць агонь па мігрантах, якія спрабуюць нелегальна патрапіць у краіну.
У інтэрв’ю газеце Mannheimer Morgen Петры падкрэсліла, што паліцыя павінна спыніць паток мігрантаў, якія спрабуюць прабрацца ў Нямеччыну з Аўстрыі, і прымяненне зброі ў крайніх выпадках — гэта патрабаванне закону.
Выказванні Петры выклікалі асуджэнне з боку нямецкіх палітыкаў левай скіраванасці, а таксама сярод прадстаўнікоў паліцыі.
Паводле афіцыйных звестак, за мінулы год у Нямеччыну прыбыло болей за 1,1 мільён мігрантаў — у асноўным з краін Блізкага Усходу і паўночнай Афрыкі.
Канцлер ФРГ Ангела Меркель у суботу заявіла, што большасць бежанцаў з Сірыі і Ірака будуць адпраўленыя дадому, калі ў іх краінах скончацца ўзброеныя канфлікты, перадае ВВС.