Падпрацоўка беларускіх спартсменаў: смеццявоз, будоўля, мытня і іншае

Новаспечаны чэмпіён Еўропы па тайскім боксе Сяргей Скіба (51 кг) прызнаецца Еўрарадыё, што мае апроч спорту “цывільную” працу:

“Атрымаў вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “інжынер-тэхнолаг”, працую на нафтаперапрацоўчым заводзе “Нафтан” аператарам тэхналагічных установак. Мне ідуць на саступкі, вызваляюць ад працы, калі рыхтуюся да спаборніцтваў. Калі спаборніцтваў няма, я нармальна працую і падтрымліваю форму”.

Рабочы-пачатковец з “Нафтана” на такой пасадзе можа зарабіць каля пяці мільёнаў рублёў.

Ёсць сярод беларускіх тайбаксёрак і кікбаксёрак тыя, што маюць даход у мадэльнай сферы і з праграмавання. А чэмпіёнка Еўропы па муай-тай Марыя Валент, як аказалася, працуе на мытні ў Нацыянальным аэрапорце.

“Выбрала прафесію па спецыяльнасці, скончыла ж я факультэт міжнародных адносін БДУ”,― прызнаецца Марыя.

Паводле новага заканадаўства, пераможцы спаборніцтваў кшталту чэмпіянату Еўропы па муай-тай павінны атрымаць прэмію у 40 мільёнаў рублёў. Добры дадатак да неспартовага акладу.

Алімпійскі чэмпіён Пекіна па цяжкай атлетыцы Андрэй Арамнаў, па яго словах, набірае сёння найлепшую форму за гады і рыхтуецца штурмаваць чэмпіянат свету восенню. Зарабляе асілак, які даўно не выходзіў на памост, 1,5 мільёны рублёў. Таму давялося шукаць дадатковую працу.

“Мяне запрасілі ў адзін з галоўных беларускіх ВНУ. Падрабязнасці пакуль паведаміць не магу. Скажу толькі, што я ― чалавек, які адказвае там за фізічную падрыхтоўку ўсіх спартсменаў, ― кажа Андрэй Арамнаў.Пры гэтым, я без праблем трэніруюся і ў поўным аб’ёме выконваю праграму збораў. Хоць няправільна, калі спартсмен майго ўзроўню, які хоча трэніравацца і выступаць, павінен шукаць новую працу ці заводзіць бізнэс”.

Яшчэ некалькі гадоў таму гульцы з некаторых футбольных і гандбольных каманд спакойна працавалі па цывільных спецыяльнасцях. Па вечарах жа трэніраваліся.

“Яшчэ ў мінулым годзе ў нас толькі чатыры чалавекі з каманды былі прафесійнымі спартоўцамі. Астатнія працавалі на разнастайных прадпрыемствах, ― апавядае Ігар Саляхаў, намеснік старшыні наваполацкага гандбольнага клуба імя Лёвіна. ― Але ў гэтым годзе мы цалкам змянілі склад. Амаль усе гандбалісты ― прафесіяналы. Толькі некалькі чалавек прыцягнутыя, якія маюць іншыя працы, але будуць дапамагаць камандзе”.

Еўрарадыё: “І кім яны працуюць?”

Ігар Саляхаў: “Ёсць кіроўца смеццевоза, супрацоўнік з “Нафтана”, майстар з будаўнічага трэсту. Варатар працуе зваршчыкам у Белсанцехмантажы. Ці будуць яны з новага сезону гуляць у асноўным складзе ― залежыць ад трэнера”.

Перад гандбольным клубам “Гомель” з новага сезона паставілі медальную задачу. Ды і каманда з нядаўняга часу стала цалкам прафесійнай.

“Некалі была практыка, калі нашы людзі не толькі трэніраваліся, але і працавалі. Іх працы былі звязаныя са спортам. Гэта такія спецыяльнасці, як, напрыклад, настаўнік фізкультуры, ― тлумачыць выканаўчы дырэктар гандбольнага клуба “Гомель” Павел Старасвецкі. ― Але цалкам аддавацца клубу гэтыя гульцы не маглі. Сёння ж ў нашым складзе толькі прафесійныя спартсмены”.

Еўрарадыё: “Колькі можа зарабляць гулец сярэдняга ўзроўню ў гандбольным “Гомелі”?"

Павел Старасвецкі: “Да 800 долараў”.

Вядомы беларускі футбольны трэнер Юрый Пунтус (узначальвае сёння клуб Першай лігі “Смалявічы СТІ”) лічыць, што вырашаць сур’ёзныя задачы магчыма толькі з тымі гульцамі, у якіх галава занятая толькі гульнёй, а не дадатковай працай.

Юрый Пунтус: “У нас выключна прафесійныя футбалісты, гэта маё патрабаванне. У нас няма хлопцаў, якія яшчэ нечым займаюцца апроч футбола. Іначай гэта не спорт высокіх дасягненняў, гэта ўжо “для сябе”.

Калі дзейныя гульцы беларускіх футбольных каманд чуюць пра дадатковую працу, то ўсміхаюцца. Заробкі ў вышэйшай лізе дазваляюць нармальна жыць. Былі канкрэтныя гісторыі, калі па сканчэнні кар’еры майстры скуранога мяча ішлі ў бізнэсмэны,таксісты ці мэнэджары. Тая ж гісторыя ― з беларускімі хакеістамі. Прадстаўнікі ж менш грашовых відаў спорту, як бачна, перастрахоўваюцца загадзя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі