Палешукі: За Лукашэнку, таму што баімся іншых

"Прыходзіла Раіса Мікалаеўна (настаўніца), збірала подпісы за Лукашэнку. Я падпісалася. Бо ў нас подпісы толькі за яго збіраюць. І галасаваць буду, відаць, за яго. Бо за каго не галасуй, усё роўна яго абяруць", — махае рукой мая мама, якая жыве ў палескай вёсцы ў Іванаўскім раёне, гэта ў дваццаці кіламетрах ад мяжы з Украінай.

Сапраўды, пікетаў, якія агітуюць падпісацца за таго ці іншага прэтэндэнта, на Палессі не знойдзеш, гэта вам не Мінск. А ў вёсцы людзі цікаўныя — не супраць паслухаць альтэрнатыўных кандыдатаў.

"Мы ж не бачым і не чуем таго, хто хоча там нешта змяніць, — разважае знаёмая пенсіянерка. Мы сядзім на вакзале ў Іванаве і чакаем аўтобус на Журавок. — Калі б яны прыехалі сюды ды выступілі ў нашым клубе, можа б, хто пайшоў, ды адзін аднаму расказалі. Але ж ніхто не едзе, мы апроч Лукашэнкі не бачым нікога. Я выпісваю "Камсамольскую праўду", чытаю, ведаю, што там прэтэндуюць дзве жанчыны, апазіцыя. Але іншыя не чытаюць. Таму астатнія, пенсіянеры, 90 адсоткаў вяскоўцаў, будуць за Лукашэнку. Тым больш, што ён у верасні пенсію ўздымае, як ні ёсць. Ды абы, госпадзі, ціха і спакойна".

Жанчына кажа, што на вёсцы ўсе загружаныя працай і палітыкай не цікавяцца. Хаця, натуральна, ёсць тыя, хто слухае радыё "Свабода" ды чытае інтэрнэт. Але большасць глядзіць тэлевізар, выпісвае раёнку і дбае пра хлеб штодзённы. А для пенсіянераў, якіх у вёсках большасць, галоўнае — своечасовая пенсія, няхай сабе і невялікая.

"А з іншага боку, што тая адна жанчына-кандыдат зробіць? Мы глядзім на Украіну, мы напужаныя вайной. І дзякуй Богу, у нас такога няма. У нас быў Кебіч, быў Шушкевіч, мы памятаем тыя талоны. Невядома, што будзе, калі прыйдзе нехта новы", — рэзюмуе жанчына.

Звычайна ў такіх размовах адразу пасля агучвання "свайго" кандыдата вяскоўцы пачынаюць жаліцца на высокія кошты ды малыя заробкі ў дзяцей. Маўляў, вунь у дачкі-даяркі заробак, як наша пенсія, а яна, між іншым, а пятай раніцы ўстае ды гадуе дваіх дзяцей. Ці, вось, у пляменніцы ў Мінску муж на МАЗе працаваў, заробкі былі прыстойныя, 13 мільёнаў зарабляў, а цяпер — 5, і незразумела, чаму. Ці, вось, бацька 42 гады ў школе прапрацаваў, а пенсія 2 мільёны 700. Каго ў гэтым вінаваціць, не ведаюць, часам наракаюць на… Абаму. Але на свет палешукі глядзяць аптымістычна, маўляў, бывае і горш.

"Як прывязуць скрыню, то буду галасаваць за Лукашэнку. Таму што ён чалавечны чалавек, — літаральна з любоўю ў вачах кажа мне васьмідзесяцігадовая баба Ганна. — Пастаў каго іншага, то будзе так, як на Украіне. А Лукашэнка ёсць Лукашэнка. Ён усё ж чалавек! А што пенсія малая — Бог з ёй, хапае з мяне! Баімся іншых. Ну якое жыццё будзе за тым іншым? Бог яго ведае. А гэтага ведаюць усе. І іншыя краіны паважаюць. Вось была ж успышка ў Беларусі — ён жа ўсё спыніў. Пасадзіў у турму і не дазволіў вайны (бабуля, відаць, узгадвае падзеі 2010 года). Іншага небяспечна выбіраць".

Жанчына, якая чакае аўтобус на Дастоева, таксама аддае свой голас за дзеючага кіраўніка краіны. Яе дачка побач смяецца: маўляў, мама першай з усёй вёскі пабяжыць галасаваць 11 кастрычніка.

"А за каго ж яшчэ?! — не сунімаецца цётачка. — Некалі бацька мой тэлефануе ды кажа, ой, ты ведаеш, у нас такі старшыня стаў! У гумовых ботах ходзіць, з кожным калгаснікам за руку вітаецца, ой, які добры ды просты. Гэта было вельмі незвычайна! А потым што з яго стала? Якім стаў? Разжыўся, як і іншыя. З новым будзе тое самае".

У размову ўступае жанчына гадоў 35-ці:

"Калі выбіраюць дэпутатаў, то я ніколі нікога не ведаю, і галасую супраць усіх. А тут…. Я далёкая ад палітыкі, але ўпэўненая, што не можа такога быць, каб Лукашэнка не быў прэзідэнтам. Ён будзе нязменным прэзідэнтам. У яго будзе спадчыннік — Коля, Мікалай — ён ужо так падрос, на камбайне, паказвалі, ездзіць. Я, дык буду галасаваць супраць усіх. Мой голас ні на што не паўплывае, канечне. Але я пайшла ў краму, прадавачка кажа: "Ірка, падпішыся, ты ж не супраць, каб Лукашэнка ўдзельнічаў у выбарах?". Ну не, канечне".

"Бо Лукашэнку ўсе мы ведаем, — тлумачыць баба Ганна. — Прывыклі да яго".

Але альтэрнатыўнае меркаванне ў палескіх балотах таксама сустракаецца.

"Я буду супраць Лукашэнкі галасаваць. Ну, змена ж улады мусіць быць. Ну, што гэта за пажыццёвы прэзідэнт? — нечакана адказвае Анатоль, мужчына гадоў 50-ці на вакзале. — З іншага боку, хоць мы і бедна жывем, мы жывем спакойна, а гэта таксама мае сваю каштоўнасць. І карупцыі ў нас ужо такой асаблівай няма, і з голаду не паміраем. За гэта галасуюць — за стабільнасць".

Фота: vandrouka.by і kyky.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі