Пашпарт лёгкіх і ферма па гадоўлі цвыркуноў. Топ лепшых стартапаў 2017 года
Фота прадастаўлены арганізатарамі
Беларускія айцішнікі выконваюць для сусветных гульцоў тэхнічную працу або з'язджаюць за мяжу, каб быць паспяховымі. Але тут таксама можна рэалізоўваць праекты сусветнага ўзроўню. І пра гэта, як апынулася, кажуць нават у Крамянёвай даліне. У мінулыя выхадныя ў Мінск на канферэнцыю "Стартап года 2017" зляцеліся інвестары, бізнес-анёлы і эксперты з ЗША, Ізраіля, Літвы, Латвіі, Расіі і Беларусі. Дзяліліся сваім вопытам і фінансамі, выбіралі лепшыя стартапы.
У Крамянёвай даліне чулі аб тутэйшых інжынерах і тэхналогіях, распавёў на канферэнцыі рэзідэнт Крамянёвай даліны, партнёр Innov8 Global Ventures спецыяліст па развіцці стартапаў, за плячыма якога праца ў Apple і пабудова ўласных паспяховых кампаній — Вал Джэрдэс. "Мы тэстуем новую мадэль працы — лавіць іх тут".
Жыць у Крамянёвай даліне вельмі дорага, і каб знайсці такіх інжынераў, як нашы, там трэба плаціць вельмі шмат грошай. "Няхай тут развіваюцца і працуюць (не на некага, а на сябе!), А "падымаюць" долары, юані і еўра "там". Вось гэта цікавая камбінацыя", — прызнаецца адзначае Джэрдэс,
Большасць праектаў конкурсу "Стартап года 2017" нацэлены як раз рэалізавацца тут і зарабляць грошы на сусветных рынках. У гэтым годзе ў фінал прабіліся 9 каманд, з якіх журы выбрала трох пераможцаў.
1 месца з праектам Lung Passport заняла каманда Healthy Networks. Беларусы распрацавалі аўтаматычную сістэму ацэнкі стану лёгкіх на аснове аналізу гукаў у іх.
"Пачалося ўсё з таго, што мая пяцімесячная дачка захварэла. І дактары давалі розную ацэнку гукам у яе лёгкіх, прызначалі рознае лячэнне ў адзін і той жа дзень", — распавядае кіраўнік праекта Алена Бінецкая.
Так нарадзілася ідэя стварыць электронны стэтаскоп і мабільны дадатак, які падкажа, ці ёсць у чалавека хрыпы ў лёгкіх і якая іх найбольш імаверная прычына. З дапамогай "Пашпарту лёгкіх" хворыя на астму, да прыкладу, змогуць ацэньваць дынаміку стану.
Паводле розных даследаванняў, дакладнасць у ідэнтыфікацыі гукаў у лёгкіх у дактароў (у залежнасці ад кваліфікацыі і вопыту) можа адрознівацца ад 12 да 85%. “А мы ўжо можам з дакладнасцю ў 85 % вызначыць, ці есць у лёгкіх паталагічныя гукі”, — гаворыць Алена Бінецкая.
Прадаваць стэтаскоп плануюць арганізацыям аховы здароўя. Нават ёсць пэўныя дамоўленасці з заходнімі клінікамі. Цяпер каманда шукае грошы на клінічныя выпрабаванні.
2 месца — у нязвыклага для беларусаў праекта Крыкетс Бай. Хлопцы стварылі ферму па гадоўлі харчовых цвыркуноў.
"Чым добры цвыркун? Гэта поўны комплекс вітамінаў, мікраэлементаў, бялку больш, чым у ялавічыне. Гэта 9 незаменных амінакіслот, кальцыю больш, чым у любых іншых арганічных кальцыяўтрымліваючых прадуктах (акрамя мелу, мабыць), — распавядае прадстаўнік праекта Сяргей Макараў. — Гэта яшчэ і вітамін В13, які не сінтэзуецца ў арганізме чалавека".
Не толькі беларусы дадумваліся вырошчваць цвыркуноў для ўжывання ў ежу. Такія фермы ёсць у Еўропе і Амерыцы. "У Фінляндыі 47 гіпермаркетаў вырашылі пячы хлеб з дадаваннем мукі з цвыркуна", — дзеляцца хлопцы. Самі ж збіраюцца вырабляць з гэтых насякомых муку і пратэінавыя батончыкі.
Зараз на ферме вырошчваюць 10 кілаграмаў цвыркуна з квадратнага метра. Каманда шукае грошы на памяшканне.
3 месца атрымаў праект Kimchi. Каманда распрацавала тэхналогію, якая распазнае паставы і рухі чалавека — ад выразаў асобы да кончыкаў пальцаў — і праектуе усё гэта ў 3D мадэль.
Хлопцы ствараюць набор сродкаў распрацоўкі (SDK), а таксама цэлую лінейку прадуктаў, якія змогуць аналізаваць запісанае відэа ці рух чалавека ў рэжыме рэальнага часу. Тэхналогія спатрэбіцца для сурдаперакладу або проста для забавак. Напрыклад, дадатак прымерыць вам пінжак Дональда Трампа або цела маладога Шварцэнэгера — ну сапраўдны MSQRD, толькі для ўсяго цела.
Гэта толькі тройка лепшых. Але праектаў, ад якіх інвестары былі ў захапленні, аказалася нямала. Каманда IQeon стварыла першую дэцэнтралізаваную гульнявую платформу, якая дазваляе манетызаваць інтэлектуальныя і іншыя гульнявыя дасягнення. "Ёсць мабільная гульня 2048, да прыкладу. Наша платформа можа ўкараніць у гэтую гульню сістэму, якая дазваляе карыстальнікам спаборнічаць паміж сабой і зарабляць рэальныя грошы". Праект IQeon атрымаў у якасці заахвочвання бясплатнае рэзідэнцтва ў каворкінгу Sputnik Space (Нью-Ёрк).
Праект uKit AI дапамагае перарабіць сайт без дапамогі дызайнера і іншых прафесіяналаў. Працу цэлай каманды заменіць штучны інтэлект. Вы адпраўляеце на сайт uKit AI спасылку на свой рэсурс і толькі паспееце выпіць кавы, як нейрасеціва падрыхтавала абноўленую версію вашага сайта.
Цікавых ідэй у нас шмат. Галоўнае, каб рэалізоўваліся яны не на Кіпры і не ў Амерыцы, разважалі са сцэны мерапрыемства эксперты. "Цяпер жэмчуг эканомікі не нафта, а мазгі, — казаў госць з Крамянёвай даліны Вал Джэрдэс. — І ў адрозненне ад нафты, мазгі лепш не экспартаваць. Можна і адсюль прыносіць велізарную карысць і зарабляць вельмі шмат грошай. Мы ўпэўненыя, што Беларусі трэба крыху падцягнуцца — і вы ў працэсе".