Пасля скаргі Еўрарадыё са стэндаў зніклі плакаты з лозунгам Лукашэнкі (частка 2)
Гісторыя з кантрафактнымі выбарчымі плакатамі пачалася 23 верасня. На прыпынку ля царквы на Нямізе ў Мінску фатаграфую вялізныя каляровыя плакаты. На іх дзейны кіраўнік краіны, ураджайныя палі, Дар’я Домрачава, ветэраны. У цэнтры — выбарчы лозунг кандыдата Лукашэнкі ўзору 2015 года: “За будучыню незалежнай Беларусі”. Цымус у тым, што на плакаце няма выходных дадзеных: імя, альбо назвы замоўцы, накладу, назвы друкарні. І плакаты гэтыя незаконныя. Старшыня выбаркама Цэнтральнага раёна Мікалай Буры абяцае разабрацца.
“Мы ўсё праверылі — там няма парушэнняў”.
Тэлефаную ў выбаркам Цэнтральнага раёна праз некалькі дзён пасля абяцанняў Мікалая Бурага. Сакратарка камісіі паведамляе, што спадара Бурага “няма цяпер на месцы”, а таксама, што “мы, вядома, разгледзелі вашу заяву і некалькі дзён разбіраліся”. Вынікі разбіральніцтва абяцае высветліць і паведаміць мне праз некалькі гадзін. Звоніць хвілін праз 15:
“Аляксандр, мы разабраліся. Нашы людзі былі на месцы, ля таго стэнда. Яны не выявілі на месцы нічога незаконнага. Калі ў вас ёсць фота, вы можаце нам даслаць. Мы ўсё праверым”.
Іду рабіць свежы здымак. Не мог жа я прысніць усю гісторыю. Тым больш, што маю дзясятак фота незаконнага плаката, зробленыя яшчэ 23 верасня. На месцы бачу, што сумнеўны плакат з выбарчым лозунгам кандыдата Аляксандра Лукашэнкі са стэнда як вадой змыла — засталіся толькі мутныя сляды ад клею.
Чытайце таксама Еўрарадыё спрабуе зняць плакаты з выбарчымі лозунгамі Лукашэнкі (частка 1)
Што рабіць, калі вы знайшлі выбарчы плакат без выходных дадзеных і не можаце цяпер спакойна спаць — пакрокавая інструкцыя:
1. Сфатаграфаваць. Здымак павінен быць па магчымасці вялікага памеру, таму фатаграфаваць лепш не на тэлефон, а на фотаапарат. Гэта дазволіць вам мець доказ адсутнасці выходных дадзеных.
2. Даведацца, на чыёй тэрыторыі знаходзіцца незаконная агітацыя. Маецца на ўвазе не прыватная альбо дзяржаўная, а адміністрацыйная прыналежнасць. То бок у якім раёне горада вы знайшлі парушэнне.
3. Званіце ў выканкам патрэбнага раёна. У прыёмную альбо адразу ў Аддзел ідэалогіі. Там пытайцеся нумар тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, кантакт яе кіраўніка, адрас, нумар факса і электронны адрас.
4. Дасылайце туды скаргу з фота і просьбай разабрацца і жэстачайшэ пакараць правакатараў, якія робяць прэзідэнцкія выбары непразрыстымі і несвабоднымі.
5. Пацікаўцеся вынікам праверкі праз некалькі дзён. Калі вынік адсутнічае — паўтарыце працэдуру, дасылаючы скаргу ў ЦВК. Не забудзьцеся паведаміць, што рэакцыя з боку тэрытарыяльнага выбаркама адсутнічае.