“Паўмеры шкодзяць”. Што не так з заходнімі санкцыямі супраць рэжыму Лукашэнкі
Санкцыі ЕС і ЗША супраць рэжыму Лукашэнкі хоць уведзены адначасова, але разыходзяцца. У гэтых разыходжаннях і ёсць “дзіркі”, праз якія абмежаванні можна абысці. Пра гэта расказвае Еўрарадыё дарадца Святланы Ціханоўскай па міжнародных пытаннях Франак Вячорка.
— Напрыклад, амерыканскія санкцыі абмяжоўваюць кампаніі заключаць дамовы ў доларах. Што зрабіў “Беларуськалій”? Перавёў свае кантракты ў еўра. Мы бачым, што вялікая частка прадуктаў “Беларуськалія” не падпадае пад санкцыі ЕС. Еўрапейскія чыноўнікі санкцыі наклалі і ўпэўненыя, што ўсё — перакрылі Лукашэнку кісларод. А насамрэч ён толькі выйграў ад гэтага, бо пакуль санкцыі накладаліся, цэны на калій узраслі. І ў выніку ён атрымаў яшчэ больш грошай, чым ён мог атрымаць да гэтага.
Мы ведаем, што паўмеры шкодзяць. Калі вы хочаце дапамагчы, то рабіце гэта паўнавартасна. У ЕС кажуць, што хочуць паступовае ўвядзенне санкцый. Паступова — гэта добра. Але беларусы не могуць чакаць гадамі.
Калі рэжым Лукашэнкі ў адказ на заходнія санкцыі шукае эканамічнай падтрымкі ў Крамлі, то, можа, варта ўводзіць санкцыі супраць Расіі?
— Калі браць ЕС і ЗША, то ў іх свая гісторыя з РФ. Яны і так накладаюць санкцыі на яе, але ў Расіі нашмат больш варыянтаў гэтыя санкцыі абыходзіць дый увогуле перайсці на самазабеспячэнне. У Беларусі такіх магчымасцяў ці менш, ці няма наогул. Беларусі неабходна сябраваць і гандляваць і з Захадам, і з Усходам, карыстаючыся сваім геаграфічным становішчам.
Расія паказвае, што не баіцца санкцый. Але ў яе кіраўніцтве не разумеюць рэпутацыйных страт у вачах беларусаў.
— Расія баіцца пераменаў на Беларусі: што пасля сыходу Лукашэнкі мы паўторым шлях Украіны, што Беларусь пачне далучацца да заходніх структураў — ЕС, НАТА і гэтак далей. І пры гэтым у Расіі няма больш прарасійскага чалавека ў Беларусі, чым Лукашэнка. Яны могуць яго не любіць, але яны вымушаныя з ім лічыцца, бо ён для іх — меншае зло. Але прапускаюць важны фактар: беларускі народ. Ён глядзіць на тое, як суседзі сябе паводзяць, падтрымліваюць ці не. І зараз падтрымка Лукашэнкі [Крамлём] аддаляе беларусаў ад Расіі.
Ці мае ўплыў Офіс Святланы Ціханоўскай на санкцыі, якія ўводзяцца? Адказ Вячоркі: так, але абмежаваны.
— Мы не можам паўплываць на тое, хто трапіў у санкцыйныя спісы. Бо людзі маюць юрыдычныя службы Еўрасаюза альбо Міністэрства фінансаў ЗША. Але мы можам сказаць, што зараз важна перакрэсліць Лукашэнку крыніцы даходу, якія дазваляюць яму працягваць рэпрэсіі. І як мы бачым, асноўныя крыніцы яго даходу — тут і тут. Мы можам сказаць, што, акрамя выкрыцця гэтых лазеек, яшчэ важна індэнтыфікаваць, дзе ён хавае свае грошы, бо ў яго ёсць свае памагатыя. Таму мы пачынаем працаваць па тэме Эміратаў. Па нашай інфармацыі, менавіта ў Эміратах вялікая частка прыбыткаў ад гандлю зброяй, якая належыць Лукашэнку.
У гэтым кірунку мы можам працаваць, але ў кірунку тактычнай рэалізацыі альбо іншыя дзяржавы-саюзнікі, альбо іншыя арганізацыі. Мы з імі таксама можам камунікаваць, але наш уплыў абмежаваны. Нават з ААН. Мы самі ініцыявалі запуск аанаўскага механізма па зборы доказаў злачынстваў Лукашэнкі, створана экспертная група, якая праводзіць фантастычную працу, але калі мы папрасілі сустрэчы, то яны сказалі “Не, мы не можам сустракацца, бо вы палітычна заангажаваны суб’ект”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.