Павышаць якасць прадукцыі ўлады прапануюць з дапамогай росту беспрацоўя
Частку віны за няякасную прадукцыю і затавараныя склады ўлады перакладаюць на… парушальнікаў працоўнай дысцыпліны.
“Шмат хто сёння разбасячыўся. Маўляў, прэзідэнт прымусіць выплачваць заробак, а мы будзем курыць і нецвярозымі на працу хадзіць”, — Аляксандр Лукашэнка казаў гэта яшчэ падчас наведвання “Кераміна” 12 лістапада мінулага года.
Праз тры месяцы тэму нечакана працягнуў прэ’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.
“Сітуацыя, калі чалавек не выконвае працоўную дысцыпліну і пасля без праблем уладкоўваецца на прадпрыемства на другім баку вуліцы, ненармальная, — заяўляе кіраўнік урада і прапануе… павялічыць колькасць беспрацоўных. — Беспрацоўе ў 3-4% — гэта нармальна”.
Сёння паводле афіцыйных звестак узровень беспрацоўя складае 0,5% — 20,9 тысячы чалавек. Паводле Мясніковіча, калі беспрацоўных стане 125 тысяч, а то і 165 тысяч, гэта на карысць якасці тавараў. Але якім чынам? Нейкім законам забароняць працадаўцам браць на працу звольненых па артыкуле?
“Гэта было інтэрв’ю праграме тэлевізійнай і ён там проста выказаў сваё меркаванне, — тлумачыць Еўрарадыё, чаму не будзе працягу ў выглядзе адпаведнага закона “аб працаўладкаванні парушальнікаў працоўнай дысцыпліны”, прэс-сакратар прэм’ера Вольга Доўгая. — Але, напэўна, на гэта павінны звярнуць увагу — гэта ж прэм’ер-міністр!”.
Паводле звестак за снежань, з працы былі звольненыя па розных прычынах 68,7 тысячы чалавек. З іх 5015 чалавек — за прагулы ды іншыя парушэнні. Тая ж статыстыка сведчыць, што ўладкавацца пасля звальнення не так і лёгка: працу знайшлі толькі 57,2 тысячы чалавек. А калі звольнены па артыкуле, то знайсці новае месца малаверагодна — упэўніваюць Еўрарадыё ў аддзеле кадраў РУП "Белсаюздрук".
Аддзел кадраў: “Калі цябе звольнілі за прагул, за знаходжанне ў нецвярозым стане, то ўладкавацца нялёгка, я вам адразу скажу. Мы ж бяром на працу рабочых, прадаўцоў, грузчыкаў, муляроў, і калі мы ўбачылі, што звольнілі за прагул, то вельмі мала шанцаў да нас уладкавацца”.
Еўрарадыё высветліла, што магчымыя варыянты. Карэспандэнт спрабуе ўладкавацца муляром, звольненым за “ўжыванне”, на адно з рэгіянальных прадпрыемстваў.
Аддзел кадраў: “Лепш за ўсё вам, канешне, пагаварыць з нашым начальнікам. Проста ён яшчэ глядзіць па чалавеку. Апошнім часам ў нас так атрымлівалася, што прыходзілі людзі, ну, быў адзін запіс у працоўнай кніжцы — мы бралі, нягледзячы на гэта. А потым праблемы — сыходзіць у запой ці прагульваць пачынае. Шукаць іх потым, звальняць па артыкуле таксама не вельмі хочацца. Але калі адзін раз выпадкова было, то можа і нармальна ўсё будзе”.
Паводле сённяшняга Працоўнага кодэксу, апроч працоўнай кніжкі, у аддзел кадраў нічога несці не трэба. Каб прагульшчыкам і выпівохам было складана пасля звальнення ўладкавацца на прадпрыемстве “праз дарогу”, кіраўнік краіны прапануе вярнуць характарыстыкі з мінулага месца працы. Але і сёння наймальнікі без кансультацыі супрацоўнікаў на працу амаль не бяруць, упэўніваюць Еўрарадыё ў аддзеле кадраў сталічнага прадпрыемства. Асабліва звольненых па артыкуле.
Аддзел кадраў: “Калі я бачу, да прыкладу, што чалавек там два месяцы адпрацаваў, там — тры, там — чатыры, пытаюся: “Чаму так?”. І абавязкова патэлефаную на апошняе месца працы”.
Такім чынам, рынак працы, асабліва ў выпадку з прагульшчыкамі ды выпівохамі, ужо існуе. Згодна са словамі кіраўніка незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, рэальнае беспрацоўе ў краіне не 0,5%:
Генадзь Фядыніч: “Добра, калі толькі 15%”.
Гэтую лічбу, упэўнены суразмоўца Еўрарадыё, добра ведаюць улады. І, кажучы пра неабходнасць павелічэння беспрацоўя, проста хочуць “схаванае” беспрацоўе зрабіць “больш празрыстым”.
Фота: onliner.by