Перамовы з рэжымам Лукашэнкі: хто, на якіх умовах і ці магчыма гэта
Абмеркавалі з Паўлам Усавым і Вольгай Кавальковай / калаж Улада Рубанава
Перамовы з рэжымам Лукашэнкі сталі адной з прычынаў, з якой Павел Латушка пакінуў Каардынацыйную раду. Па словах палітыка, такую магчымасць разглядаюць асобныя прадстаўнікі КР, а ён — прынцыповы прыхільнік санкцый супраць афіцыйнага Мінска.
Што думаюць пра перамовы іншыя палітыкі? Абмеркавалі гэта ў эфірах Еўрарадыё.
Вольга Кавалькова дакладна не ў спісе тых сябраў Каардынайцыйнай рады, хто падтрымлівае ідэю сесці за адзін стол з Лукашэнкам:
“Я не веру ў перамовы з Лукашэнкам і ягоным рэжымам. Я веру ў людей і грамадзянскую супольнасць. Я не бачу ў гэтай сітуацыі магчымасцяў рухацца ў гэтым кірунку: рэпрэсіі працягваюцца. Я не лічу, што на гэтым узроўні мы можам чагосьці дасягнуць”.
Яна сцвярджае, што ў Каардынацыйнай радзе пакуль не абмяркоўвалася палітычная стратэгія — у тым ліку па пытанні магчымых перамоваў з Лукашэнкам. КР цяпер занятая сваім рэгламентам — тым, як будуць функцыянаваць гэтыя 107 дэлегатаў протапарламента.
“У нас дзве тысячы чалавек сядзяць у турмах. Мы за 2,5 года не змаглі выцягнуць нікога, акрамя некалькіх чалавек па дыпламатычных каналах. Вось праблема. Як мы будзем вырашаць? Вядома, без ціску не атрымаецца”.
Кавалькова прызнаецца, што сярод сябраў КР ёсць людзі, якія выступаюць за стварэнне перамоўнай групы па палітвязнях, але адразу ўдакладняе: “Гэта не тыя перамовы, дзе ўсе за адзін стол сядуць з Лукашэнкам, не”.
Можа, Пазняк усiх вызвалiць?
У Зянона Пазняка і “Вольнай Беларусі” няма такога рэсурсу, каб дамовіцца з амерыканцамі ці еўрапейцамі пра зняцце санкцый, прызнаецца прадстаўнік ВБ Павел Усаў:
“Калі Ціханоўскую запрашаюць у еўрапейскія краіны, сустракаюцца з ёй і ўспрымаюць як кіраўніка беларускай апазіцыі, то яна мусіць гэтую праграму абмену прадставіць. Важна разумець, што пытанні санкцыяў і перамоваў не павінныя перасякацца. Бо праз перамовы Лукашэнка будзе спрабаваць вярнуць сваю легітымнасць. Трэба займацца практычнымі пытаннямі: вось ёсць палівязні — трэба іх вызваляць”.
Паводле Усава, спачатку трэба даведацца, ці ёсць палітычная воля — як з боку ўладаў, так і з боку Захаду.
“Ніхто з бакоў не хоча ісці на першы крок. Частка беларускай апазіцыі выступала за санкцыі, таму калі Захад зробіць першы крок да перамоваў, то будзе абвінавачаны гэтай апазіцыяй, што пачаў гандаль палітвязнямі. Тут шмат тэхнічных рэчаў, якія трэба абмяркоўваць з еўрапейскімі палітыкамі. Ці магчымы такі варыянт? Калі так, то які механізм задзейнічаць?”
На думку Усава, з боку рэжыму Лукашэнкі таксама не варта чакаць перашага кроку:
“Калі б ён хацеў, то даў бы сігнал, што ёсць пляцоўка для абмену. Напрыклад, вызваліў бы Ірыну Слаўнікаву, Валерыю Касцюгову, Кацярыну Андрэеву, Паліну Шарэнда-Панасюк, якая з ШІЗА не выходзіць увогуле. Што табе асабіста гэтыя жанчыны зрабілі? Нічога! Выпусці — пакажы, што ты гатовы на далейшыя нейкія крокі. Не, яны працягваюць рэпрэсіі”.
Усе гэтыя размовы не маюць практычнага сэнсу, калі з боку Лукашэнкі не будзе зроблены крок, рэзюмуе Усаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.