“Пераможцаў прэміі бяруць, але лепш ідзе Марціновіч і Караткевіч”

Сёлета вакол прэміі Гедройца ледзь не разгарэўся скандал. Рэцэнзію Марыі Мартысевіч на кнігу намінанта прэміі Віктара Казько папрасіла зняць з сайта польская удзельніца журы Малгажата Бухалік. Нагода — “меркаванне рэцэнзента вельмі адмоўнае і разыходзіцца з меркаваннем журы”.

Рэцэнзія на сайце прэміі ўсё ж засталася.

“Адно меркаванне можа быць у экспертаў-крытыкаў, іншае — у экспертаў, якія запрошаныя ў журы”, — рэагуе сябра журы і намесніца старшыні ПЭН-цэнтру Ганна Янкута.

Заснавальнік прэміі амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка наогул прапаноўвае публікаваць дзве рэцэнзіі — адмоўную і станоўчую.

Але прэмія Гедройца на сёння ледзь не самая значная і “багатая” у Беларусі. Таму спрэчкі вакол адбору намінантаў узнікаюць штогод. “Пісьменнікі пішуць кнігі пад гэтую прэмію”, —  можна прачытаць на форумах і ў сацсетках.

“Безумоўна, прэмія стымулюе. Бліжэй да Калядаў заўжды з’яўляецца некалькі цікавых кніжак. Але гэта актыўнасць выдаўцоў”, — адказвае на такое абвінавачванне Андрэй Хадановіч, старшыня беларускага ПЭН-цэнтра.

Пазітыўным працэсам спрэчкі вакол прэміі называе літаратурны крытык і сябра журы прэміі Ганна Кісліцына. Значыць, кнігі чытаюць!

“Канфлікты ідуць не столькі вакол якасці, колькі вакол узросту пісьменнікаў. Гэта не бітва, а размова пакаленняў. Мы радуемся, калі ёсць тое, што называюць “дзвіжухай” гэта прыцягвае ўвагу. Летась не было спрэчак вакол рэцэнзіі, а цяпер яны з’явіліся”.

Самаму маладому аўтару, які трапіў у шорт-ліст прэміі, крыху больш за 30 гадоў. Самаму сталаму — больш за 70.

На думку заснавальніка прэміі, амбасадара Польшчы ў Беларусі Лешака Шарэпкі, у беларускай літаратуры цяпер не хапае твораў пра рэальнасць сённяшняга дня і твораў навуковай фантастыкі.

Паглядзім, наколькі папулярныя кнігі, якія намінуюцца і атрымліваюць прэмію Гедройца.

У мінскай кнігарні "Логвінаў" добра купляюць “Хвілінку” Ігара Бабкова (пераможца леташняй прэміі). Як добра набывалі і твор Някляева “Аўтамат з газіроўкай і без” (перамог у пазамінулым годзе).

“Адразу з’яўляецца цікаўнасць да кнігі, узрастае ў разы попыт. Можна сказаць, да максімуму. Як правіла, гэта пераможцы. Але шорт-ліст таксама крышку расце”, — апісвае Павел Касцюкевіч арт-дырэктар кнігарні “Логвінаў”.

Кнігі ўсіх намінантаў кароткага ліста на прэмію Гедройца можна набыць і ў Цэтральнай кнігарні сталіцы, на праспекце Незалежнасці. Попыт на пераможцаў прэміі ўзрастае, па словах прадаўшчыцы. Але не ў разы. А чэмпіёны па продажах — творы Караткевіча і “Мова” Віктара Марціновіча. Яго раман “Сфагнум” не прайшоў у лонг-ліст прэміі летась, бо быў перакладзены на беларускую мову, а не напісаны на ёй.

Сёлетнія намінанты на прэмію:

1 .Таццяна Барысік "Жанчына і леапард".

2. Альгерд Бахарэвіч "Дзеці Аліндаркі".

3. Антон Францішак Брыль "Ян Ялмужна".

4. Андрэй Гуцаў "Кніга зданяў".

5. Сяргей Дубавец "Сіні карабель у блакітным моры плыве".

6. Віктар Казько "Час збіраць косці".

Пераможца абвесцяць сёння ў 19:00 у гатэлі “Рэнесанс” у Мінску.

Фота: imgur.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі