Петыцыю ў падтрымку БЧБ флага падпісалі больш за 100 тысяч чалавек

Пад петыцыяй у абарону нацыянальнага сцяга падпісалася больш за 100 тысяч чалавек / Еўрарадыё
Пад петыцыяй у абарону нацыянальнага сцяга падпісалася больш за 100 тысяч чалавек / Еўрарадыё

Больш за 102 тысяч чалавек выказаліся супраць намеру Генеральнай пракуратуры прызнаць бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім.

Такую колькасць подписаў пад адпаведнай петыцыяй сабралі за тыдзень. Збор галасоў у падтрымку БЧБ-сцяга ініцыявала Каардынацыйная рада. Аўтары петыцыі нагадалі, што Кодэкс РБ "Аб культуры" адносіць геральдычныя аб'екты да нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў.

"Бел-чырвона-белы сцяг, які быў дзяржаўным сцягам Беларусі з 1991 па 1995 год, з'яўляецца прыкладам нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці", гаворыцца ў тэксце петыцыі. Аўтары таксама нагадваюць, што летам, калі беларусы на вуліцах выбралі для сябе БЧБ сцяг, ніхто не ўшчамляў прыхільнікаў спалучэння чырвонага з зялёным.

"Забараняць мільёнам людзей выкарыстоўваць бел-чырвона-белую сімволіку па просьбе ста чалавек —несправядліва!", гаворыцца ў петыцыі.

У канцы студзеня ў Генпракуратуру Беларусі звярнулася "ініцыятыўная група" грамадзян, якая папрасіла прылічыць бел-чырвона-белую сімволіку да экстрэмісцкай. Грамадзяне патлумачылі сваю просьбу "трагедыяй Вялікай Айчыннай вайны" і тым, што БЧБ сцягі выкарыстоўвалі калабарацыяністы. Пры гэтым праўладная sb.by, якая распавяла пра зварот у пракуратуру, спаслалася толькі на аднаго сябра гэтай "ініцыятыўнай групы" - Пятра Шапко. Ён — актывіст прарасійскага руху, удзельнічаў у пастаўках гуманітарнай дапамогі ў самаабвешчаныя рэспублікі на Данбас. Генпракуратура адгукнулася на зварот і пачала рыхтаваць рашэнне.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў беларускія ўлады разгарнулі жорсткую барацьбу супраць усяго бел-чырвона-белага. Штрафуюць і саджаюць на суткі не толькі на выхад на вуліцу са сцягам, але і за БЧБ-фіранкі, пасцілу і нават палоскі на вопратцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі