Подпісы за Віктара Цярэшчанку ў Бабруйску прызналі несапраўднымі

У Бабруйску і раёне прайшлі паседжанні тэрытарыяльных выбаркамаў, на якіх былі агучаныя вынікі праверкі подпісаў за прэтэндэнтаў. На пасяджэннях прысутнічалі назіральнікі ад Беларускага Хельсінкскага камітэта.

У тэрытарыяльнай камісіі Першамайскага раёну знайшлі чатыры несапраўдныя подпісы за Аляксандра Лукашэнку (пададзена 26 183 подпісаў), шэсць несапраўдных у Мікалая Улаховіча (з 11 229). Ні аднаго несапраўднага подпісу не знайшлі сярод пададзеных ініцыятыўнай групай Таццяны Караткевіч (падалі 2734). Подпісы Віктара Цярэшчанкі праверкі прызналі несапраўднымі, піша праваабарончы сайт "Вясна".

У першай праверцы разгледзелі 850 подпісаў, пададзеных за Цярэшчанку, знайшлі 179 несапраўдных. У другой праверцы ўзялі яшчэ 307 подпісаў, з іх было несапраўдных 291.

Подпісы, сабраныя за Цярэшчанку, прызналі несапраўднымі і ў Ленінскім раёне Бабруйска. Агулам за палітыка было пададзена 878 подпісаў, з іх праверылі 86 і знайшлі 60 несапраўдных. У другой праверцы знайшлі яшчэ 46 несапраўдных подпісаў.

Сярод подпісаў за Аляксандра Лукашэнку знайшлі пяць несапраўдных (пададзена 23 597), за Сяргея Гайдукевіча 18 несапраўдных (падалі 3941), за Таццяну Караткевіч шэсць несапраўдных (падалі 1792), за Мікалая Улаховіча адзін несапраўдны подпіс (пададзена 223 подпісы).

На паседжанні тэрытарыяльнага выбаркаму Бабруйскага раёну у подпісах ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч знайшлі дзевяць несапраўдных (пададзена 108), за Сяргея Гайдукевіча 10 несапраўдных (пададзена 78), за Мікалая Улаховіча сем несапраўдных подпісаў (пададзена 85).

У асноўным прычына несапраўднасці заключалася ў тым, што падпісанты былі прапісаныя не ў Бабруйскім раёне.

У Гродне 11,5 тысячы подпісаў за Цярэшчанку прызнаныя несапраўднымі

Фота: nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі