Праверана Еўрарадыё: ці ёсць у беларускай свініне геном віруса АЧС?

Ужо месяц беларускія каўбасы ў Расiі не столькі ядуць, колькі правяраюць на геном віруса афрыканскай чумы – і знаходзяць! Рассельгаснагляд апублікаваў дакументы, якія сведчаць пра наяўнасць віруса ў нашай свініне! Геном АЧС знойдзены ў каўбасе сыравяленай Мёрскага мясакамбіната і ў каўбасе “Мартадэла” Бабруйскага мясакамбіната. А што тады ядуць беларусы?

У Беларускім дзяржаўным ветэрынарным цэнтры мне кажуць, што праверыць свініну на геном віруса АЧС могуць. І нават бясплатна!

"Для аналізу дастаткова і 30 грамаў мяса. Каўбасы можа быць больш, бо можа так стацца, што ў гэтым адным вашым кавалачку мы нічога не знойдзем. Для больш поўнага аналізу пажадана мець больш", – кажуць мне ў аддзеле вірусалогіі, калі я прапаную прынесці мяса ў лабараторыю на праверку.

Купляю паўкіло каўбасы “Мартадэла” Бабруйскага мясакамбіната. Для вернасці аналізу адразаю кавалачак сырога замарожанага мяса, набытага на "акцыі шчодрасці" на Камароўскім рынку за 63000 рублёў. Свініну замарожаную купіла ў Мінскага мясакамбіната.

“Дзетка, калі мяне замарозіць на 20 гадоў і размарозіць. Як я буду выглядаць?”, – кажуць мне на рынку прадаўцы-прыватнікі, калі пытаюся пра якасць гэтага адносна таннага мяса.

Сабраўшы ўвесь набор – каўбаса і кавалак мяса – накіроўваюся ў Белдзяржветцэнтр, што на вуліцы Чырвонай, 19а у Мінску.

У прыёмцы дзяўчына ветліва пытаецца, адкуль мяса і каўбаса, і чаго я ўласна ад іх хачу, бо перад тым, як каўбаса трапляе да пакупніка, яна правяраецца.

“Хачу пераканацца ў бяспецы прадукцыі. Вось купіла на Камароўцы, а чэк мне не далі, сказалі, што ў іх нават ручкі няма, каб напісаць суму. Толькі грошы і мяса. Ды і мама хвалюецца”, – дадаю для вернасці.

Дзяўчына запісвае, дзе былі набытыя матэрыялы для аналізаў, ксерыць мой пашпарт і знікае з мясам і каўбасой за дзвярыма. Праз 15 хвілін лабарант аб'яўляе:

“Вашы аналізы будуць гатовыя да панядзелка. Можаце патэлефанаваць і сёння. А раптам сёння будуць гатовыя?”, – і ўсё. Ніякага здзіўлення або незадаволенасці: хоча чалавек праверыць на бяспеку прадукты – і добра.

У той жа дзень вынікі даведацца не атрымліваецца:

“ПЦР-рэакцыя яшчэ ідзе, лепш у панядзелак патэлефануеце. Сёння вынікаў ўжо не будзе”, – намякае на канец працоўнага дня спецыяліст.

У панядзелак скачу ў Белдзяржветцэнтр. У прыёмным пункце пахне тухлымі яйкамі, я спрабую ўспомніць курс школьнай хіміі, які гэта можа быць аналіз. А лабарант нічога – ласкава ўсміхаецца і на пах звяртае ўвагу толькі пасля майго пытання.

“Усе адмоўна, усе пробы вашыя адмоўныя”, – успамінае мяне дзяўчына.

У дакуменце пазначана, што даследаванне праводзілася метадам ПЦР з выкарыстаннем тэст-сістэмы, распрацаваным ДНУ “Усерасійскі НДІ ветэрынарнай вірусалогіі і мікрабіялогіі”. Такім жа спосабам расейцы праводзілі свае тэсты на якасць беларускай прадукцыі. Тэст, праведзены ў Беларусі, паказаў, што генома віруса няма.

Можна есці спакойна!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі