Праз адсутнасць капрамонту жыльцы мінскай брэжнеўкі пагражаюць байкотам выбараў

Праз адсутнасць капрамонту жыльцы мінскай брэжнеўкі пагражаюць байкотам выбараў

Жыхары мінскай хрушчоўкі заявілі, што будуць байкатаваць выбары і любыя іншыя дзяржаўныя мерапрыемствы, бо іх дом 1969 года пабудовы ніводнага разу не рамантавалі. А грошы на гэта збіраюць штомесяц.

Праз адсутнасць капрамонту жыльцы мінскай брэжнеўкі пагражаюць байкотам выбараў

У адной з кватэр другога пад’езда дзверы адкрывае Яўгенія. Яна разам з сынам дома, у іх двухпакаёўцы жыве шэсць чалавек. Дзяўчына кажа, што ЖЭС абяцае ім капітальны рамонт ужо больш за 3 гады. Сям’я нават купіла новыя шпалеры, але паклеіць іх не могуць — чакаюць рамонту.

“У нас трубы ў ваннай і туалеце дрэнныя. Мы набылі новы ўнітаз, паставіць хацелі, але прыйшоў сантэхнік і сказаў, што на гэтыя трубы не атрымаецца паставіць. Чакайце капрамонту”, — расказвае Жэня. Вось яны і чакаюць. Спачатку чыноўнікі абяцалі пачаць рамонт у верасні 2015 года, але неспадзявана ўсё перанеслі на 2017 год. 

Зімой холадна і цягне з акна, летам горача, а раз на паўгода ў шостым пад’ездзе прарывае трубы недзе ў падвале, і пах ад каналізацыі стаіць на ўсю ваколіцу. Да таго ж у кватэры праблемы з электрычнасцю — некаторыя разеткі кароцяць настолькі, што іх проста прыкрылі, каб не ўлезлі дзеці.

Жэня разам з мужам сапраўды не збіраецца ісці на выбары. Але гэта з адсутнасцю капрамонту не звязана.

“Мы з мужам дакладна не пойдзем, а сэнс туды хадзіць, калі ўсё загадзя вядома? Няма чаго там рабіць. Можа, наш тата пойдзе — ён у нас заядлы палітык”, — кажа Жэня. Хіба што можна пайсці на выбарчы ўчастак па танную каўбасу. 

Праз адсутнасць капрамонту жыльцы мінскай брэжнеўкі пагражаюць байкотам выбараў

 “Гэта пракляты дом, тут засталіся адны пенсіянеры. І што, ім пад сілу нешта зрабіць? — Таццяну я сустракаю на лесвіцы. Ёй тэма капітальнага рамонту надакучыла. — Куды ні звярталіся, усюды атрымлівалі адпіскі. Некалі пафарбавалі, і вось глядзіце — бывае, што і святла няма. Праз чатыры гады дому будзе 50 гадоў, калі нешта ўпадзе, не будзем здзіўляцца”.

Асабліва ўражвае жыльцоў тое, што яны плацяць за капітальны рамонт па 40 тысяч рублёў з двухпакаёўкі штомесяц. Да таго ж усе дамы вакол адрамантаваныя, а іхны — не.

 

Праз адсутнасць капрамонту жыльцы мінскай брэжнеўкі пагражаюць байкотам выбараў
Суседнія дамы даўно адрамантавалі, а дом № 78 па вуліцы Каліноўскага 46 гадоў не дачакаецца чаргі!

У шостым пад’ездзе сустракаем Веру Іосіфаўну, яе асноўная прэтэнзія — вокны:

“Вось я ужо апранутая хаджу, а зімой вельмі холадна”, — хутаецца ў швэдар жанчына. Суседзям па дамах памянялі вокны, трубы, а ім не дачакацца нават гэтага – у ЖЭСе сказалі, што памяняюць толькі трубы. Вокны мяняць не будуць — усё за свае грошы.

Яна адразу адмаўляецца фатаграфавацца, кажа, што вакол жывуць адны пенсіянеры, якія нічога не могуць зрабіць з тым, што ў іх доме няма рамонту. Байкатаваць, на яе думку, сэнсу няма.

“Якая розніца? Ну, не пойдзем: што яго, не выберуць? Хоць ніхто не пойдзе, усё роўна выберуць яго. Я спачатку таксама не хацела ісці, потым вырашыла — пайду і выкраслю яго, а выберу каго іншага. А потым паслухала суседак. Яны сказалі, ён ужо ўсё ведае, яму больш нічога не трэба! Мо будзе старацца трохі для іншых. А калі іншага выберуць? Яму ж трэба будзе як мага хутчэй абагаціцца, а для нас гэта што зменіць?” — кажа Вера Іосіфаўна. Што новы прэзідэнт, магчыма, не будзе “атаварвацца”, Вера Іосіфаўна не дапускае — бо на заробак прэзідэнта, як вядома, не пражывеш. 

Праз адсутнасць капрамонту жыльцы мінскай брэжнеўкі пагражаюць байкотам выбараў
Не толькі вокны ў доме, але і балконы ў аварыйным стане.

“Бачыце, я затыкаю вокны паралонам, а пад балкон кладу дыванок, каб не было так холадна, бо з-пад дзвярэй моцна цягне”, — кажа яшчэ адна жыхарка, пенсіянерка Інэса Малажавая. Але на гэта грошай няма, хоць усе 46 гадоў яна акуратна плаціць за камунальныя паслугі, у тым ліку і за капітальны рамонт.

Пытаемся, ці праўда жыльцы паставілі ўльтыматум пра байкот. Пенсіянерка не ў курсе і кажа, што галасаваць будзе — за Лукашэнку.

Калі будзе капітальны рамонт у доме № 78?

Гэтае пытанне Еўрарадыё задае чыноўнікам. Як паведамілі ў аддзеле капітальнага рамонту ЖРЭА Першамайскага раёна, дом № 78 па вуліцы Каліноўскага ўжо пастаўлены на капітальны рамонт! І акурат днямі адбудзецца сход жыхароў дома і чыноўнікаў па пытаннях пачатку рамонту ў кастрычніку 2015 года.

“Мы рамантуем казыркі, балконы, ганак, дах, сістэмы цепла- і водазабеспячэння. У доме будзем выносіць батарэі на сцяну, плюс газазабеспячэнне. Вокны не будзем рамантаваць”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі