Прыватны ЖЭС: Мы дагэтуль самі не ведаем, што такое тэхабслугоўванне!

Тарыфы для насельніцтва пакрываюць толькі 30% ад выдаткаў дзяржавы на камунальныя плацяжы. Пра гэта кажа начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі міністэрства Андрэй Рамашка. Грошай не хапае на высокія заробкі дворнікам, кадры сыходзяць, пакутуюць жыхары жэсаўскіх дамоў.

Еўрарадыё распытала дырэктара прыватнага ЖЭСа "Аймалін м" Віктара Кліменка, як выжываюць прыватнікі там, дзе дзяржава — ніяк.

Віктар Кліменка: Што такое дзяржаўны ЖЭС? Гэта дзяржструктура. Вы бачылі хоць адзін ЖЭС, які б збанкрутаваў ці да яго прымянілі нейкія санкцыі за нявыплату заробкаў? Не, бо дзяржава, колькі патрэбна, столькі і дасць грошай. Але ў нас такія ж тарыфы, як ў дзяржжэсе, і мы выжываем. Як так? Праблема ў раздзьмутым штаце. Мы абслугоўваем пяць жылых дамоў, і ў мяне 13 чалавек, уключаючы адміністрацыю. Нават над самым збалансаваным ЖЭСам ёсць ЖРЭА, а над ЖРЭА — жыллёвая гаспадарка горада Мінска. Над ўсімі яшчэ міністэрства. Іх усіх трэба ўтрымліваць. Як працуе маленькая арганізацыя, як мы? Ёсць прадпрыемства, і яно падпарадкоўваецца мясцовай адміністрацыі. І ўсё! Гэтак жа павінен працаваць і ЖЭС.

Летам мы рабілі касметычны рамонт у адным з нашых дамоў. Можна было праз фірму. Але ў мяне ёсць свае маляры. Калі я заказваю ў арганізацыі касметычны рамонт, гэта адны грошы за кошт падаткаў. А калі праз дамову-падраду — чалавек атрымлівае свае грошы і касметычны рамонт зроблены! Нават калі ашчадзіў тры-пяць мiльёнаў, гэта ўжо эканомія. Прыватны ЖЭС усё пралічвае.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, на колькі ні падымі тарыфы на камуналку, заўсёды будзе мала?

Кліменка: Чаму памянялі нарматывы па ўборцы і цяпер мыюць пад'езд два разы на месяц? Бо не хапае грошай. За такі заробак не хочуць працаваць нават бамжы! Таму зрабілі вось што: у ЖЭСе 15 дворнікаў, з іх зрабілі брыгаду і далі ёй ўсе дамы ЖЭСа. Брыгада ходзіць па дамах па чарзе і прыбірае. Калі дзяўбуць, чаму брудна, тыя ўпіраюцца: няма людзей, дайце грошай на нармальныя заробкі. Ім адмаўляюць, і ўжо тады яны мяняюць графікі прыборкі. Тэхабслугоўванне пад'езда сціснулі настолькі, што гэта аплата — сімвалічная. Мы працуем па такіх жа тарыфах, прытрымліваемся такіх самых графікаў, але сочым за прыбіраннем, бо лепей прыбраць, чым запусціць і не адмыць потым!

Еўрарадыё: Мы задавалі пытанне, што такое тэхабслугоўванне, розным чыноўнікам і штораз атрымлівалі розныя версіі…

Віктар Кліменка: Вось машына — вы ведаеце, што праходзіць нейкі час, трэба падвеску паглядзець, інакш яна не будзе ездзіць. Гэта яе тэхабслугоўванне. А па доме мы не ведаем, бо мы не вядзём дамавыя кнігі. Я ўпэўнены, што мы не ведаем па адной простай прычыне — таму што няма зацікаўленых асоб. Я ў гэтай сістэме з 1996 года. Але я не ведаю, што такое тэхабслугоўванне, і мая жонка не ведае. Мы некалькі запытаў рабілі, што такое тэхабслугоўванне. І атрымлівалі некалькі лістоў з адказам, што спіс не скончаны.

Да таго ж, дадае дырэктар прыватнага ЖЭса, тарыф на тэхабслугоўванне цяпер вельмі і вельмі маленькі — 2100 рублёў за квадратны метр, гэта поўнае пакрыццё выдаткаў. Насельніцтва плаціць у паўтара раза менш.

Еўрарадыё: Дык колькі павінна каштаваць тое самае тэхабслугоўванне?

Віктар Кліменка: Калі б у мяне былі тарыфы ў 2100, маёй арганізацыі гэтага было б дастаткова! Але ў ЖЭсах сапраўды гэтых грошай не хапае, а вось колькі не хапае? Я плачу за кватэру ў 63-метры 37 тысяч. Я б плаціў і 150 тысяч рублёў, бо цяпер гэта не грошы — вунь, у краме за раз аддаём паўмільёна. Але калі б цана была не 30 тысяч, а 150, тады нельга было б сказаць, што дзяржава клапоціцца пра насельніцтва. У Германіі сістэма такая: не заплаціў на пачатку месяца за тэхаблсугоўванне — не атрымліваеш яго. 

Еўрарадыё: Пры гэтым, мы не ведаем, як фарміруецца тарыф. Ды што там, нават кіраўнік дзяржавы абураецца, што не ведае гэтага.

Віктар Кліменка: Калі ў жэсаўскім доме нешта ламаецца, да прыкладу, нейкая помпа ў пад'ездзе, яны што робяць? Пішуць заяўку на ЖРЭА, і тая аплачвае ім гэтую помпу. Гэта ўжо іншая арыфметыка, таму натуральна, што яны не ведаюць, як гэтыя тарыфы фармуюцца і адкуль бяруцца. Як гэта адбываецца ў нас? Ламаецца нейкая помпа. Я прыходжу на збор да жыхароў і кажу: вось нам патрэбная такая помпа. Я вам яе выберу, устанаўлю бясплатна, але вы яе аплаціце. І народ прапаноўвае сам: давайце возьмем грошы са сродкаў на капрамонт, яны ўсё роўна ляжаць і абясцэньваюцца. І падчас капрамонту нам ужо гэтага рабіць не трэба будзе.

Еўрарадыё: Вельмі цікавая тэма капрамонту. Людзі гадамі скідваюцца на капрамонт і гадамі яго чакаюць.

Віктар Кліменка: Я патлумачу, чаму. Грошы паступаюць у нейкі фонд, з якога быццам бы нельга браць грошы, але куды яны толькі не ідуць. Неяк мы сустракаліся з чыноўнікамі з гэтай сферы, і яны кажуць: мы адрамантавалі дарогі за грошы з капрамонту. Пытаемся, дык вас жа пасадзяць?! Узнікла паўза, а потым прагучала думка: адсутнасць капрамонту мо і не заўважаць, а вось за адсутнасць рамонту дарог могуць пасадзіць.

Думка пра тое, што дзяржструктура не прывыкла і не ўмее эканоміць сродкі, гучала падчас размовы з Віктарам Васільевічам не адзін раз. Ён прыводзіць прыклад, як можна і трэба эканоміць грошы.

Віктар Кліменка: Мы неяк абслугоўвалі дом, дзе былі лічыльнікі цяпла не толькі па ўсім доме, але і па кватэры. І вось адзін з мужыкоў вырашыў выключыць ацяпленне. Маўляў, нічога не буду плаціць. А па суседстве жыла жанчына, якая качагарыла на ўсю. Мы месяц хадзілі і звяралі лічыльнікі, бралі паказчыкі. І што выйшла на выхадзе. Мужык, які выключыў ацяпленне, заплаціў 12 тысяч — гэта была сума за ацяпленне агульнай тэрыторыі. А жанчына, якая качагарыла — 88 тысяч рублёў. Такі просты прыклад. Але гэтым не будуць займацца ЖЭСы.

Еўрарадыё: Але ж цяпер ідзе рэфармаванне ЖКГ…

Віктар Кліменка: Тое, што цяпер робіцца — гэта словаблудства. З міністэрства патрабуюць рэформу. А рэформа простая. Таварышы, для таго, каб мы атрымлівалі якасныя паслугі, трэба, каб былі час і грошы. Гэта ўсё тая ж гісторыя з дворнікамі, якім змянілі нарматыў, каб зэканоміць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі