Размеркаванне: Марыш будаваць паркі, а працуеш камунальшчыкам у Крупках
Тры гісторыі жыцця да, падчас і пасля размеркавання. Пасля мараў аб азеляненні паркаў — “Новае Жыццё” ў Крупках за 3,5 мільёны на месяц.
Кожны год беларускія ўніверсітэты выпускаюць каля 20 тысяч маладых спецыялістаў, якія мусяць два гады адпрацаваць па спецыяльнасці. Як гэта адбываецца і які дае досвед: тры гісторыі ад спецыялістаў “садова-паркавага будаўніцтва” розных пакаленняў.
Першыя курсы: творчая прафесія, азеляненне паркаў
Веста — студэнтка другога курса, вучыцца на спецыяльнасці “Садова-паркавае будаўніцтва” ў БДТУ, марыць займацца азеляненнем паркаў.
“Я хацела творчую прафесію, але не вельмі добра малюю. Таму пайшла на садова-паркавае будаўніцтва ў Тэхналагічны”, — апісвае свой выбар Веста.
Да размеркавання ёй яшчэ больш за два гады, таму пра будучую працу амаль не думае. Веста марыць займацца азеляненнем паркаў у Мінску. Сёлета на яе спецыяльнасць паступае 28 чалавек на 25 бюджэтных месцаў з баламі ад 120 да 290.
“Гэта будзе цікавая прафесія, я буду займацца азеляненнем горада: клумбаў, паркаў. Я мэтанакіравана сюды паступала. Хацелася б застацца ў Мінску. Думаю, мільёнаў пяць буду атрымліваць са старту”, — дзеліцца марамі Веста.
“Новае жыццё” ў Крупках: 3,5 мільёны на месяц і праца ў камунальнай гаспадарцы
Лідзія скончыла “садова-паркавае будаўніцтва” ў БДТУ сёлета. Чатыры месяцы працуе па размеркаванні інжынерам у Крупках.
Ад Мінска да станцыі “Новае жыццё” ў Крупках, дзе адпрацоўвае размеркаванне выпускніца Тэхналагічнага Лідзія, больш за дзве гадзіны. 110 кіламетраў з дачнікамі, бабулямі, выпівохамі і вайскоўцамі цягнуцца доўга і марудна. А першае, што бачна на выхадзе з цягніка, — бульбяныя палі і пара вясковых хат. У цэнтры пейзаж змяняецца. Але ўсё стандартна для маленькага горада: райвыканкам, невялікая плошча з Леніным.
Так выглядае станцыя Новае Жыццё
Крупкі, цэнтр
Крупкі — раённы цэнтр на восем тысяч жыхароў. Лідзія, якая вучылася на “ландшафтным праектаванні і садова-паркавым будаўніцтве” ў Тэхналагічным, працуе тут інжынерам у “Жылцеплабудзе”. І кожныя выходныя ездзіць у Мінск, каб адпачыць і пабачыцца з сябрамі.
Відаць, аднаго кінатэатра, трох крамаў і адной кавярні ў Крупках, якія сустракаю па дарозе з электрычкі да яе працы за 20 хвілін, не хапае. Але на працу малады спецыяліст не скардзіцца: далі інтэрнат і заробак 3,5 мільёны на месяц.
“Усё адно два гады трэба адпрацаваць. Як маладога спецыяліста такі заробак мяне задавальняе. Умовы нармальныя, але давялося ложак набыць. Я раблю каштарысы, працэнтоўкі. Але я хацела праектаваць. У мяне бацькі праектавальнікі. Калі паступала, думала, што буду генпланістам. Але наша спецыяльнасць… У вакансіях такой спецыяльнасці проста няма”, — апісвае Лідзія.
Будынак інтэрната
У інтэрнаце маладая спецыялістка жыве з сяброўкай, іх дваіх з групы размеркавалі не ў Мінск. У кожнай асобны пакой, на дваіх невялікая кухня. У пакоі ложак, ноўтбук, невялікая паліца для рэчаў. Усё сціпла, але з густам. Да працы Лідзіі тры хвіліны пешшу, яна працуе ў адным кабінеце з трыма калегамі. Мае досыць новы камп’ютар, але на першым месцы працы давялося перавучвацца.
“Я вывучала новую праграму, амаль усё нанова. Ва ўніверы нешта такое было: кошт каштарысных работ. Але гэта чатыры радкі, дзе падбіваецца сума. Цяпер зусім іншае”, – даводзіць спецыялістка.
Лідзія разам з сяброўкай, іх дваіх размеркавалі ў Крупкі
Пасля працы Лідзія бавіць час дома, па Крупках не гуляе, бо схадзіць няма куды. Бывае, ходзіць у спартзал, які бясплатна дазваляюць наведваць ад працы. Кожныя выходныя даводзіцца ездзіць у Мінск, бо там засталіся сябры, бацькі і асабістае жыццё.
“Кожны ранак я ўстаю а сёмай. Прыходжу а пятай вечара. Нешта можна пачытаць, паглядзець. У выходныя мяне тут няма, бо няма чым заняцца. У крамы мінскія іду найперш. Бо ў Крупаках даражэйшая садавіна, і мы возім торбы з прадуктамі з Мінска. Добра, што спартсменка, не так цяжка”, — усміхаецца дзяўчына.
У Крупках Лідзія збіраецца працаваць тры гады: пасля прасцей знайсці працу ў Мінску. А гэта 26 сутак у электрычцы з Мінска да Новага жыцця і назад, калі ездзіць кожныя выходныя.
Працаваць пасля размеркавання ў Крупках застаецца больш за палову, нечакана здзіўляюць у мясцовым райвыканкаме. Але гэта жыхары раёна ці блізкіх ад раёна мястэчак і вёсак. З Мінска прыгадваюць толькі траіх, хто застаўся даўжэй за тэрмін размеркавання. Але і з іх некаторыя ўжо з’ехалі.
“Для спецыялістаў нашага раёна гэта добры варыянт. Можна стаць на ўлік на жыллё, можна атрымаць участак, каб пабудавацца. Добра замацоўваюцца медыкі. У нас доўга працаваў спецыяліст з Мінска, медык. Хірург засталася працаваць пасля двух гадоў, гінеколаг застаўся пакуль”, — падлічваюць у райвыканкаме.
Пасля пасады майстра ў жыллёвай гаспадарцы — зноў мары пра дызайн і творчую працу
Вікторыя скончыла “садова-паркавае будаўніцтва” ў Тэхналагічным два гады даму, адпрацоўка ўжо прайшла, цяпер яна ў дэкрэце.
Вікторыі давялося больш за год быць майстрам у Салігорскай ЖКГ за тыя ж 3,5 мільёны і без жылля.
“Мяне тады размеркавалі ў Салігорскую камунальную гаспадарку. Калі я паступала, то ўяўляла, што буду абслугоўваць азеляненне горада. У Салігорску мне давалі пакой у інтэрнаце, але там трэба было шмат даведак сабраць. Я здымала жыллё. Спачатку плацілі 2,7 мільёны, пасля заробак вырас. Але я адпрацавала больш за год і сышла ў дэкрэт”, — прыгадвае Вікторыя.
Размеркаванне ёй дадало вынослівасці і ўмення кантактаваць з людзьмі. Але свядома яна б туды не паехала. Пасля выхаду з дэкрэту хоча наладзіць сваю справу, якая звязаная з дызайнам ландшафтаў, што бліжэй да яе спецыяльнасці, чым майстар-камунальнік.
“Я б хацела працаваць на сябе, мне падабаецца і ландшафтны дызайн, і дызайн інтэр’ераў. Спецыяльнасць мне падабаецца, калі браць еўрапейскі досвед. А вось яе прымяненне ў нашых рэаліях крыху расчароўвае”.
Пакуль жыла ў Салігорску, Вікторыя займалася самаадукацыяй, вучылася на дыстанцыйных курсах. У Мінск ездзіла нячаста, толькі па справах.
Сёлета ў Тэхналагічным універсітэце не прыгадваюць, каб размеркаваныя спецыялісты не паехалі на першае месца працы ці вырашылі заплаціць за ўвесь тэрмін навучання. Не дзіва: цяпер гэта можа каштаваць больш за 100 мільёнаў, у залежнасці ад спецыяльнасці.
Летась на размеркаванне паехала 20 тысяч маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. З іх 19 тысяч даехала, а гэта 94% ад усіх размеркаваных, падлічвае Белстат. А вось колькі з іх засталося на новым месцы працы пасля двухгадовай адпрацоўкі, ніхто не лічыць.
Фота: Еўрарадыё і з архіву суразмоўцаў