Размеркаваныя ў вёску: Жыллёвы крэдыт пад 1%? Мая дзяўчына сюды не паедзе
Новы прэзідэнцкі ўказ №97, скіраваны на ўтрыманне кадраў у вёсцы. Схема працуе так: сельскагаспадарчая арганізацыя аддае свайму супрацоўніку дом альбо кватэру, пабудаваную пад ільготны крэдыт "Белаграпрамбанка". Тады грамадзянін выплачвае крэдыт на кватэру пад 1% гадавых на 40 гадоў. Але ён мусіць застацца працаваць у вёсцы 15 гадоў.
Ці завабіць такая "плюшка" маладых спецыялістаў, якіх размеркавалі ў вёску?
Іван, якому паўтара года засталося адпрацаваць эканамістам у адной з гаспадарак Браслаўскага раёна, заставацца ў вёсцы не хоча.
"Калі ты малады, то патрэбны горад. Я адвучыўся ў Мінску чатыры гады. Мне падабаецца развітая інфраструктура, калі ўсё пад рукой і ёсць куды схадзіць. І не ведаю, што б такога можна было прапанаваць, каб людзі заставаліся на перыферыі".
У такім доме жыве Іван
А гэта яго пакой
Размеркаваны ў калгас: Частку заробку даюць каўбасой, святло адключылі за даўгі
Як жыве эканаміст Іван, якога размеркавалі на два гады ў калгас.
Юлія адпрацавала два гады ў вёсцы Астравецкага раёна. Выкладала вучням гісторыю. Цяпер працуе у Санкт-Пецярбургу, і вяртацца ў вёску не хоча нават з жыллёвым крэдытам пад 1%.
"Я жыла з бацькамі і ездзіла на працу кожны дзень за 8 кіламетраў. Трэба папрацаваць у сістэме адукацыі, каб зразумець. Нічога б мяне не завабіла. Толькі калі цалкам змяніць сістэму адукацыі. Раён быў добры, дзеці добрыя, дырэктар добры. Але сама сістэма адукацыі... Мяне прасілі застацца ўсе, але я не пагадзілася".
Выпускніку Тэхналагічнага ўніверсітэта Сяргею засталося адпрацаваць у Белавежскай пушчы 2,5 месяца. Пасля размеркавання ён застанецца тут, толькі калі не знойдзе нічога іншага.
"Ёсць шмат фактараў. Дзяўчына, якая сюды, відаць, не паедзе. Бацькі далёка, а ім трэба дапамагаць. Можа быць, і застаўся б. Цяпер беспрацоўе. Калі нідзе нічога не падвернецца, тады я застануся тут. Мне далі жыллё, не гатэль, натуральна, але жыць можна. Тут пушча, свежае паветра".
Яго калега Аляксандр толькі заканчвае Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт і на размеркаванне таксама збіраецца ў Белавежскую пушчу. Пакуль ён яшчэ не бачыў умоў працы, але калі спадабаецца, абяцае застацца і скарыстацца крэдытам пад 1%.
Апытаныя мінчане і студэнты, якія вучацца ў сталіцы, за танным жыллёвым крэдытам у вёску ехаць не хочуць. Нават калі крэдыт на такіх выгадных умовах.
"Я вельмі сацыяльны чалавек, мне людзі трэба, інтэрнэт трэба. Не,у вёску б не паехала", — адказвае мінчанка, студэнтка БДУ Вольга. Яе сяброўка Ірына з Магілёва таксама не хоча ехаць за жыллём у вёску.
"Дакладна не паехала б. Бо няма там чаго рабіць, куды схадзіць. Кар'ернага росту няма", — тлумачыць Ірына.
Фота прадастаўленыя суразмоўцамі