Адміністрацыя прэзідэнта раілася з руферам па бяспецы метро
А транспартная пракуратура параўноўвае фатаграфіі з таго ж месца са сваімі — дэталі не супадаюць.
Транспартная пракуратура працягвае высветляць, якім чынам расійскія фатографы-руферы здолелі ўначы трапіць у мінскае метро. Там да гэтага часу сумняюцца, што шлях іх сапраўды праходзіў праз жалезныя дзверцы ў цаглянай сцяне, якая падзяляе метро дзеючае з тым, дзе ідзе будоўля.
Гэтыя свае сумневы Еўрарадыё выкладае намеснік начальніка аддзела па наглядзе за законнасцю Транспартнай пракуратуры Пётр Дзігілевіч.
Пётр Дзігілевіч: “Гэтае акенца (дзверцы ў цаглянай сцяне — Еўрарадыё) закрытае жалезным лістом — трохміліметровае жалеза! — і вось такі замок на ім вісіць. І гэты замок не адсюль (з боку будоўлі новых станцый метро — Еўрарадыё), а адтуль — з дзеючай станцыі. Бо адрыванне ідзе з дзеючай станцыі. Калі яны туды прыйшлі, то маглі пабачыць толькі, што такі вось праём, перакрыты жалезам”.
Праўда, у пракуратуры не выключаюць, што гэты ліст жалеза мог нейкім чынам варушыцца “па петлях”. Нават не выключаюць, што менавіта ў той дзень на дзверцах… забыліся навесіць замок. Але, па словах першага намесніка Беларускага транспартнага пракурора Дзмітрыя Пяткевіча, супрацоўнікі метро гавораць, што гэта немагчыма, іх проста “падстаўляюць”.
Еўрарадыё перадало сумневы беларускай пракуратуры скандальнаму фатографу-вандроўніку Віталю Раскалаву.
Віталь Раскалаў: “Мы прыйшлі на ўсё гатовае — там адчынена было. Замок-то вісеў, але калі падышлі, самі дзверцы былі крыху павернутыя, што нас вельмі здзівіла, і галава ў дзірку пралазіла. А значыцца — можна было і ўсё цела працягнуць”.
У пракуратуры блогераў падазраюць у падробцы здымак цягніка, які рухаецца па тунэлі. Намеснік начальніка аддзела па наглядзе за законнасцю Пётр Дзігілевіч паказвае журналісту Еўрарадыё здымак з таго ж месца — дэталі не супадаюць.
Пётр Дзігілевіч: “Я не веру, што ён там здымаў, што ён быў у гэтым тупіку. Нешта ляжыць вось тут, нешта адлюстравалася на ўзроўні гэтых вось шпалаў, гэтых рэек (паказвае на здымак руфераў — Еўрарадыё). А вось тут (паказвае свой здымак — Еўрарадыё) адна толькі рэйка ляжыць. Я быў у гэтым тупіку: калі цягнік прыбывае, там рэйка пад вельмі вялікай напругай, гэта рызыка для жыцця вялізная. На гэтай кантактнай рэйцы напруга 850 тысяч вольт — можна загінуць імгненна”.
Праўда, прызнаецца, што ў фатаграфіі асабліва не разбіраецца і папрасіў праз Еўрарадыё даведацца ў Віталя Раскалава, як здымак быў зроблены. Даць свае здымкі для параўнання адмовіўся.
Хлопец не быў супраць даць кансультацыю.
Віталь Раскалаў: “На рэйкі я не выходзіў. Я пад святлафорам стаяў — паставіў штатыў пад святлафорам і сфатаграфаваў. На спецыяльны аб’ектыў — міліметраў 50, можа 150 атрымлівалася”.
На гэтым пытанні ў пракуратуры да руфераў скончыліся. Затое былі яны ў супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта. Згодна з інфармацыяй Еўрарадыё, Віталю тэлефанавалі і адтуль.
Віталь Раскалаў: “Мужчына патэлефанаваў, прадставіўся Арцёмам, жартаваў шмат. Шчыра кажучы, не чакаў, што з Адміністрацыі прэзідэнта патэлефануюць і будуць размаўляць так міла. Хацелі даведацца, як куды патрапіць — я ўсё расказаў”.
Чыноўнік Адміністрацыі прэзідэнта раіўся з блогерам, дзе ў сталічным метро лепш паставіць датчыкі руху. Прыехаць ды паказаць не прасілі. Ды Віталь і не паехаў бы.
Віталь Раскалаў: “Нават калі б папрасілі, я не прыеду больш у Мінск! Я нічога не асцерагаюся, проста Мінск для нас закрыты. Мы там ужо ўсё аблазілі”.
Праўда, крыху падумаўшы, дадаў, што праз які год-паўтара прыехаць можа.
Віталь Раскалаў: “Не, лезці на Адміністрацыю прэзідэнта — гэта, шчыра кажучы... А вось на Дом ураду залезці больш чым рэальна. Праўда, у першы прыезд у нас на гэта часу не хапіла”.
Высветлілася, што Віталь уважліва сочыць за рэакцыяй на іх вандроўку ў Мінск. Пакрыўджаны на словы мэра Мінска. Кажа, што яны нідзе ніводнага замка не зламалі, акна не выбілі, адміністрацыйных правапарушэнняў не здзяйснялі. Калі што і парушылі, то толькі забарону на “пранікненне на ахоўваемы аб’ект”. І дадае, што ў Мінску, па вялікім рахунку, усё добра з аховай рэжымных аб’ектаў.