Беларусь абавязаная аднавіць правы чалавека, якога ўжо расстралялі

Маці і сястра Кавалёва падалі скаргу ў Камітэт яшчэ 14 снежня 2011 года, а зарэгістраваная яна 15 снежня.

Нагадаем, Уладзіслаў Кавалёў быў растраляны ўжо пасля таго, як была зарэгістраваная скарга ў Камітэт ААН. А ў дзень расстрэлу яго адвакат звярнуўся ў Вярхоўны суд Беларусі з нагляднай скаргай.

Кавалёў расстраляны ў дзень звароту адваката з нагляднай скаргай

На сустрэчы ў Мінску Любоў Кавалёва не можа стрымаць слёзы, таму за яе рашэнне Камітэта каментуе праваабаронца Раман Кісляк.

"Гэта першая справа адносна Беларусі, дзе было зафіксаванае парушэнне права на жыццё з-за вынясення смяротнага прысуду. Раней такога не было ніколі".

Скарга была зарэгістраваная за дзень, а разгледжаная менш чым за год. Звычайна такія справы камітэт разглядае па 2 гады і нават больш.

Гэта сведчыць, што для Камітэта ААН па правах чалавека справа Кавалёва была прыярытэтнай.

Камітэт прызнаў каля 80% парушэнняў, апісаных у скарзе сястры і маці Уладзіслава Кавалёва. Вось пералік тых правоў пакта, якія былі парушаныя: забарона катаванняў, права не даваць паказанні супраць сябе, на жыццё, на абскарджванне прысуду. Прэзумпцыя невінаватасці: падсуднага трымалі ў клетцы і прыводзілі ў кайданках на суд.

Чальцы Камітэта ААН прызналі, што суд не з'яўляўся незалежным, а большасць хадайніцтваў былі адхіленыя.

"Гаворыцца аб парушэнні міжнароднай дамовы. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра тое, што трэба аднавіць тыя правы і палажэнні міжнароднай дамовы, якія былі парушаныя", — кажа Раман Кісляк.

Акрамя гэтага, было прызнанае парушэнне дадатковага пратакола пакту. Калі Беларусь адмовілася супрацоўнічаць з Камітэтам і загадзя зрабіла заяву, што не будзе прызнаваць яго рашэнне ў гэтай справе.

Камітэт неаднаразова прасіў прыняць меры прамежкавай абароны, не прыводзіць у выкананне прысуд, пакуль не разгледзіць справу. Уладзіслаў Кавалёў меў права дачакацца рашэння Камітэта, але яго расстралялі… у дзень рэгістрацыі звароту. Гэта таксама парушэнне пакта.

Паводле меркавання Камітэта, быў парушаны артыкул аб жорсткім абыходжанні ў дачыненні да маці і сястры Кавалёва, бо ім не паведамілі пра дату пакарання і месца пахавання. Смяротны прысуд даўно выкананы, таму гэтае парушэнне ледзь не адзінае, якое можна выправіць. Але ёсць яшчэ адна мэта, кажа Любоў Кавалёва.

"На жаль, смяротная кара... І ўжо не магчыма нічога змяніць, нават з дапамогай гэтага рашэння. Цяпер я хачу рэабілітаваць сына ў вачах людзей".

Нягледзячы на тое, што рашэнне Камітэта — гэта рэкамендацыі, дзяржава абавязаная іх выконваць. Але ААН не мае эфектыўных сродкаў, каб прымушаць выконваць свае рашэнні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі