Ці перажыве кітайскі легкавік беларускай зборкі нашыя зімы?

У сакавіку першыя партыі кітайскага аўто Geely SC7, сабранага ў Беларусі, пайшлі ў продаж. Штодня прадаецца ў сярэднім адна машына. Купіць легкавік магчыма пакуль толькі ў аўтасалоне па вуліцы Кальцова ў Мінску.
Аўтааматары з любой кітайскай маркі пацяшаюцца, маўляў, разваліцца ўжо праз тры гады: метал не ператрывае і адной зімы, а на СТА давядзецца начаваць.


Тым часам вытворца рэкламуе Geely SC7 як надзейную мадэль. Паведамляецца, што рухавік, каробка і падвеска ў машыне, як у  Toyota Avensis. Кузаў распрацоўваўся самімі кітайцамі і як мінімум ён не горшы, чым у японскіх машын. А тэхналогіі бяспекі ў легкавіку перанятыя ад кампаніі Volvo.


“Geely” пазіцыянуецца як люстэрка Toyota. Першы кітайскі аўтамабіль, які атрымаў чатыры зоркі па еўрапейскім краш-тэсце (максімальная адзнака ― пяць зорак. ― Еўрарадыё), ― распавядаюць ў дылерскім аўтасалоне, які гандлюе Geely SC7 беларускай зборкі. ― У базавую камплектацыю ўваходзіць вельмі шмат опцый. Толькі з 11-га сакавіка мы пачалі машыны прадаваць. З 16 засталося толькі тры”.

 
Праз аўтамабільныя сайты знаходзім Ірыну, жыхарку Мар’інай горкі. У 2007 годзе яна набыла новы Geely MK у аўтасалоне, праехала блізу 70 тысяч кіламетраў. Цяпер збіраецца прадаваць: нарадзілася трэцяе дзіцё, і машына стала цеснаватай. На фотаздымках Ірына шчыра паказвае, дзе з’явілася ржаўчына: ёсць жукі ў раёне парогаў, ля адной з дзвярных ручак і на задняй крышцы багажніка. Каб вярнуць машыне прывабны выгляд, спатрэбіцца 300-400 долараў.


Ірына: “Па маторы з ёй праблемаў увогуле ніякіх няма, электроніка збояў не дае. Ёсць, вядома, нюансы па кузаве пасля нашых салёных зімаў, хоць адразу пасля пакупкі загналі яе на СТА і зрабілі антыкаразійную апрацоўку днішча і парогаў. Па падвесцы за ўвесь час замяніла рычагі, адзін падшыпнік і два заднія
сайлентблокі.


Еўрарадыё: Усяго толькі? За шэсць з паловай гадоў?

Ірына: У мяне да гэтага быў Passat B5, мы яго бралі 10-гадовым і за два гады ўклалі ў яго каля 2000 долараў. Таму не раю баяцца Geely. Ёсць адзін нюанс: запчасткамі займаецца толькі адна фірма ў Мінску, таму вельмі дорага. Мы ўсё купляем у Кіеве, там запчасткі абыходзяцца ў капейкі.


Уладзімір з Маладзечна паўгода таму купіў для жонкі Gelly CK 2007-га года выпуску. Запэўнівае, што машына ні разу не зламалася:


“Метал нібыта не самы горшы, хоць ёсць трошкі ржаўчынкі. І тое з-за сколаў.Адзінае ― гэта камфорт. У Mercedes ці BMW ― едзеш і не адчуваеш. А тут машына больш шумная, аддзелка ў салоне горшая. А так ― па горадзе бярэ шэсць літраў бензіну максімум”.


Кампанія “Белджы” была створана ў снежні 2011-га года. Памяшканні,дзе адбываецца зборка, знаходзяцца на барысаўскім прадпрыемстве “Аўтагідраўзмацняльнік”. Цікава, што 50% акцый кампаніі належаць “БелАЗу”, 32,5% ― кітайцам з Geely, астатняе ― сумеснаму беларуска-кітайскаму прадпрыемству.

Фота auto.onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі