Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі нарэшце зацікавіў беларускія ўлады

29 сакавіка 2012 года еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле абвясціў аб пачатку “Еўрапейскага дыялога па мадэрнізацыі” з беларускім грамадствам.

Еўрапейская ініцыятыва заставалася незаўважанай беларускімі ўладамі.

Але, як даведалася Еўрарадыё, у канцы студзеня беларускі МЗС выслаў у сталіцы краін-удзельніц лісты са сваімі прапановамі і патрабаваннямі ўдзелу ў праграме.

“Беларускі бок сапраўды дасылаў свае прапановы, і, магчыма, новая інфармацыя з'явіцца па выніках сустрэч, што праходзяць гэтымі днямі ў Тбілісі”, — паведамляе праз e-mail Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.

Палітолаг Дзяніс Мельянцоў ужо пазнаёміўся з тэкстам ліста.

Паводле яго слоў, афіцыйны Мінск незадаволены тым, што на гэты момант “Дыялог” адбываецца толькі з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Улады прапануюць перайменаваць “Дыялог” у “Партнёрства па мадэрнізацыі” — аналаг расійскага супрацоўніцтва з ЕС.

Дзяніс Мельянцоў: “Ён прадугледжвае сабой практычна такую ж структуру працы, як ва “Усходнім партнёрстве”: рэгулярныя сустрэчы на ўзроўні экспертаў, міністраў і саміт раз на год. Ён прадугледжвае, што ў межах “Партнёрства” будуць супрацоўнічаць толькі дзяржаўныя ўстановы. І глыбіню мадэрнізацыі будзе вызначаць беларускі бок”.

Таксама беларускія ўлады прапануюць па меры развіцця партнёрства падключаць грамадзянскую супольнасць. Прычым пад грамадзянскай супольнасцю разумее… бізнес-асацыяцыі.

Чаму беларускі бок зацікавіўся прапановай ЕС толькі амаль праз год? Палітолаг Юрый Шаўцоў лічыць, што прычынай гэтага з’яўляецца саміт “Усходняга партнёрства”, які адбудзецца ў лістападзе ў Вільні.

Юрый Шаўцоў: “Гэты саміт, магчыма, будзе вельмі важным. Прынамсі ёсць колы заходняй дыпламатыі, якія бачаць гэты саміт празмерна важным. І Беларусь як удзельнік “Усходняга партнёрства” таксама вядзе сваю гульню вакол гэтага саміта”.

Толькі застаецца незразумелым, калі “Дыялог” альбо “Партнёрства па мадэрнізацыі Беларусі” пачнуць абмяркоўваць у ЕС. Напрыклад, латвійскаму еўрадэпутату Аляксандру Мірскаму складана нешта распавесці. Пра ліст беларускага МЗС ён даведаўся ад… Еўрарадыё. Тыдзень таму палітык быў у Страсбургу, але ніякіх абмеркаванняў “беларускага ліста” там не пачуў.

Аляксандр Мірскі: “Афіцыйна гэта нідзе не абмяркоўвалася. Тыдзень таму. Панядзелак, аўторак, серада, чацвер я быў у Страсбургу. Нічога ніхто не казаў. Прычым вакол мяне было дастаткова дэпутатаў, якія цікавяцца сітуацыяй у Беларусі”.

Фота: news.uvaga.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі