Каб увесці родную мову ў інфакіёскі, трэба беларусізаваць міністэрствы

Ужо блізу 2000 чалавек падпісаліся ў інтэрнеце за ўвядзенне беларускай мовы ў інфакіёскі “Беларусбанка”. Але фінансавая ўстанова не спяшаецца выконваць гэту просьбу. 

“Рэч у тым, што спачатку да нас інфармацыя паступае ад вытворцаў паслуг (напрыклад, ад камунальнікаў) на рускай мове. У гэтым уся праблема, — тлумачаць Еўрарадыё ў прэс-службе “Беларусбанка”. — Калі інфармацыя стане прыходзіць па-беларуску, тады зможам і карыстальнікам інфакіёскаў прапанаваць выбар мовы”.

“Беларусбанк” мае беларускамоўную версію інтэрнет-старонкі і ў банкаматах. Не зраслося толькі з інфакіёскамі.

"У сакавіку мяне запрасілі ў “Беларусбанк” на сустрэчу з дырэктарам цэнтра пластыкавых картак Анатолем Багавіком. Ён сказаў, што банк згодны з тым, каб была беларуская мова, але ёсць складанасці, — апісвае сітуацыю мінскі інжынер-камунальнік Дзмітрый Курза, які заварыў кашу з беларусізацыяй інфакіёскаў. — Складанасці Анатоль Багавік назваў такія: усе плацяжы ў інфакіёсках праходзяць праз сістэму “Разлік”, распрацаваную Нацбанкам. І сістэма гэта існуе толькі ў рускамоўным варыянце. Тады я прапанаваў “Беларусбанку” напісаць у Нацбанк, каб там зрабілі версію сістэмы “Разлік” на роднай мове".

“Беларусбанк”, як даведалася Еўрарадыё, склаў афіцыйны ліст у Нацбанк з такім пытаннем.

Закон “Аб мовах” дазваляе супрацоўнікам дзяржструктур карыстацца ці рускай, ці беларускай мовамі. У злучніках “ці” і ўтойваецца праблема. Яны даюць чыноўнікам законную падставу выбіраць толькі рускую мову і ўвогуле не карыстацца нацыянальнай.

Таму, купляючы тавары ў гродзенскай ці шклоўскай краме, вы прачытаеце на ўпакоўцы па-кіргізску, па-туркменску ці па-казахстанску, але па-беларуску не знойдзеце ні слоўца.

"Трэба арганізаваць лісты грамадзян міністру жыллёва-камунальнай гаспадаркі і кіраўніку Нацбанка, — раіць Алег Трусаў. — Размясціць бланк ліста ў інтэрнеце, каб кожны мог яго спампаваць, запоўніць і выслаць на імёны чыноўнікаў. І калі такіх друкаваных лістоў пашлецца сто, а лепш тысячу, то гэта справа будзе выйграна элементарна. Альбо банкі прымусяць перакладаць дадзеныя абанентаў, альбо прымусяць тыя ж ЖЭСы збіраць інфармацыю аб людзях на дзвюх мовах".

Еўрарадыё: А якія перамогі пры дапамозе подпісаў вы прыгадаеце?

Алег Трусаў: "Напрыклад, калі ўвялі рускую мову на праязных, і за два дні сітуацыя змянілася і беларускую мову вярнулі. Аб’явы ў чыгунках мы такім чынам рабілі беларускамоўнымі. Галоўнае — не адправіць 10 тысяч подпісаў у адным канверце, атрымаўшы адну адпіску".

Фота klich.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі