Каб зрабіць снегавіка ці пачытаць вершы ў парку, трэба атрымаць дазвол
Еўрарадыё даведалася, якія сюрпрызы рыхтуе нам абноўлены закон “Аб масавых мерапрыемствах”, што пачаў дзейнічаць з 27 лістапада.
Еўрарадыё прыдумала акцыю: разам са сваімі слухачамі па першым снезе зрабіць снегавіка. А каб арганізавацца, планавалі даць абвестку ў інтэрнэце наконт месца і часу. Вось толькі абноўлены варыянт закона “Аб масавых мерапрыемствах” насцярожвае: а раптам гэта будзе ўспрынята праваахоўнымі органамі як несанкцыянаванае мерапрыемства?
Падазрэнні пацвердзіў кіраўнік аддзела ідэалогіі Кіраўскага райвыканкама Андрэй Карпук.
Андрэй Карпук: “Гэта ўжо зборышча. Ужо трэба атрымаць дазвол ад старшыні райвыканкама!”
А супрацоўнік аддзела ідэалогіі Горацкага райвыканкама даў некалькі парад, як дзейнічаць, каб рашэнне чыноўнікаў было станоўчае.
Ідэолаг Горацкага райвыканкама: “Любое мерапрыемства, якое праводзіцца на вуліцы і хтосьці з’яўляецца ініцыятарам, ужо падпадае пад закон “Аб масавых мерапрыемствах”. Трэба вам пісаць ліст на імя старшыні райвыканкама. Але пажадана, каб мінімум за 15 дзён да запланаванай даты. Колькасць удзельнікаў я вам раю не ставіць больш за 1,5 тысяч — інакш будуць праблемы”.
Што будуць улічваць чыноўнікі падчас разгляду заяўкі на катанне снегавіка, патлумачыў намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Пётр Бібік.
Пётр Бібік: “З улікам месца правядзення, часу правядзення, каб гэта было бяспечна для дарожнага руху. Тут і колькасць удзельнікаў адыгрывае ролю — калі гэта масавае мерапрыемства, то абавязковы прапускны рэжым. Па лініі РУУС трэба забяспечыць бяспеку”.
Еўрарадыё цікавіцца, ці можна будзе без праблем з міліцыяй і атрымання дазволу ад уладаў, да прыкладу, з дапамогай абвесткі ў інтэрнэце запрасіць сваіх сяброў адсвяткаваць дзень народзінаў на беразе возера ці сабрацца і пачытаць вершы на кватэры альбо ў парку.
Кіраўнік аддзела ідэалогіі Кіраўскага райвыканкама Андрэй Карпук супакойвае: дзень народзінаў можаце святкаваць спакойна.
Андрэй Карпук: “Гэта ж не палітычнае волевыяўленне нейкае, таму, мяркую, пад закон гэта не патрапіць. Акцыя ж — гэта калі накіравана на рашэнне нейкага пытання. Ці калі людзі выказваюць нейкае сваё меркаванне. А гэта ж вашае асабістае баўленне часу, і таму не думаю, што гэта падпадае пад закон”.
Больш складаная сітуацыя з чытаннем вершаў. На думку чыноўніка, калі да такіх сустрэч на кватэры пытанняў узнікнуць не павінна, то на тое, каб пачытаць вершы на плошчы ці ў скверы, лепш папрасіць дазволу ў выканкаме.
Андрэй Карпук: “Пачытаць вершы сваім знаёмым — гэта адно, а чытаць вершы на плошчы... Даць абвестку ў інтэрнэце, што я буду чытаць вершы — гэта акурат і патрапіць пад закон. Тут у кожным выпадку трэба разбірацца”.
Адказы чыноўнікаў вымусілі пацікавіцца, ці не лепш на любое запланаванае на вуліцы мерапрыемства ці сустрэчу загадзя браць дазвол у мясцовых уладаў. Але высветлілася, што да адказу на гэтае пытанне чыноўнікі пакуль не гатовыя.
Андрэй Карпук: “Гэты закон патрабуе глыбокага вывучэння і нават тлумачэнняў спецыялістаў. Тых, хто гэты закон рыхтаваў. Бо, можа, для звычайнага грамадзяніна асобныя моманты і патрабуюць асобных тлумачэнняў. Хоць закон і павінен быць зразумелым, канкрэтным”.
У той жа час усе чыноўнікі, з якімі мы размаўлялі, прызнаюцца, што самі маюць пытанні да гэтага закона і спадзяюцца, што хутка з’явяцца каментары з тлумачэннямі наконт яго прымянення.
Фота: http://fota.bymedia.net/