Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў парушэнні ў справе Кавалёва

Камітэт ААН прызнаў каля 80% парушэнняў, апісаных у скарзе сястры і маці Уладзіслава Кавалёва. Прызнаныя парушэнні, што да Кавалёва ўжывалася фізічная сіла і яго прымусілі даць паказанні супраць сябе. Пры гэтым былі парушаныя артыкулы Пакту аб грамадзянскіх правах на забарону катаванняў і права не даваць паказанні супраць сябе. Камітэт ААН прызнаў, што Кавалёў не быў дастаўлены да суддзі ў тэрміновым парадку, каб прыняць рашэнне наконт меры стрымання. Прызнана, што была парушаная прэзумцыя невінаватасці: падсуднага трымалі ў клетцы і прыводзілі ў кайданках на суд. А інфармацыя агенцтва БЕЛТА (якое назвала Кавалёва тэрарыстам яшчэ да прысуду) прызнаная нястрыманай у ацэнках.

Камітэт прызнаў, што пры судзе над Уладзіславам Кавалёвым было парушанае права на жыццё, права на абскарджванне прысуду. Таксама чальцы Камітэта ААН прызналі, што суд не з'яўляўся незалежным, а большасць хадайніцтваў былі адхіленыя. Дзяржава адмовілася супрацоўнічаць з Камітэтам і загадзя зрабіла заяву, што не будзе прызнаваць рашэнне Камітэта ў гэтай справе. Прызнана парушэннем, што камітэт неаднаразова прасіў прыняць меры прамежкавай абароны, не прыводзіць у выкананне прысуд, пакуль Камітэт не разгледзіць справу. Кавалёў меў права дачакацца рашэння Камітэта, але яго растралялі ў дзень рэгістрацыі звароту.

"Гэта беспрэцэдэнтна хуткі разгляд справы — менш за год. Звычайна Камітэт ААН разглядае справы ад двух да дзевяці гадоў", — кажа праваабаронца Раман Кісляк.

Таксама Камітэт прызнаў парушэнне артыкула аб жорсткім абыходжанні ў дачыненні да маці і сястры Кавалёва, бо ім не паведамілі пра дату пакарання і месца пахавання.

Скарга была накіравана ў камітэт 14 снежня 2011 года, а зарэгістраваная 15 снежня.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі