Харэўскі: “Для кнігі я адрэдагаваў тэксты з улікам заўваг маіх фрэндаў”
Вядомы мастацтвазнаўца выдаў кнігу на падставе сваіх допісаў у лайвжорнале, бо “многія ранейшыя тэксты зніклі з-за непраплачанага хостынгу”
Сяргей Харэўскі выдаў ужо некалькі культуралагічных кніг, актыўна друкуецца ў “Нашай Ніве” і “Arche”, выкладае ў ЕГУ і “Беларускім калегіюме”. Аднак па-за гэтым ужо некалькі гадоў ён піша культуралагічныя нататкі ў сваім ЖЧ – даступна і цікава для тысяч чытачоў. Нечакана гэтыя запісы ўклаліся ў кнігу “Прачутае”, якая выйшла з друку ў бібліятэцы “Беларускага калегіюму” літаральна ўчора.
"Прачутае" -- зборнік онлайн-тэкстаў Сяргея Харэўскага, адрэдагаваны ягонымі фрэндамі
Сяргей Харэўскі: “Дзякуючы Ігару Бабкову, пяць гадоў таму я завёў свой Жывы Часопіс – і пісаў там тое, што не паспяваю друкаваць у перыёдыках, што накіпела, – каб не забыць гэтую думку. І калі калегі па “Беларускім калегіюме” Акудовіч і Анціпенка запыталіся, ці няма ў мяне чаго для выдання кнігі, мне аказалася вельмі лёгка! Проста зайсці ў свой ЖЧ, перафарматаваць тое, што там было, укласці тэкст у лагічнай паслядоўнасці – і выйшла кніга!”
Ці не баіцца Харэўскі, што кнігу не будуць купляць якраз таму, што ўсе тэксты дасяжныя ў інтэрнэце?
Сяргей Харэўскі: “Не, бо гэта зусім розныя жанры – як фотаздымак чалавека і скульптура. Кнігу можна патрымаць у руках, пашаргацець старонкамі, пачытаць пры свечках… Мы перабольшваем бяспеку ў інтэрнэце. Нешта можа знікнуць, нешта можа быць пашкоджана вірусам... Мае тэксты, якія я ў свой час пісаў для “Радыё Свабода” і “Нашай Нівы” проста зніклі ў інтэрнэце – з-за непраплачанага хостынгу… Нельга спадзявацца на інтэрнэт як на нешта вечнае і нерухомае. Каб пазбегнуць праблемаў – а яны з “лайвжорналам” бываюць! – я вырашыў не рызыкаваць, аддаючы свае думкі на волю хваляў сеціва, знесмяроціць іх хоць бы невялікім накладам”.
Хоць рэдактарамі пазначаны абсалютна канкрэтныя людзі – Настасся Мацяш і Валянцін Акудовіч, Харэўскі кажа, што яшчэ перад гэтым кнігу адрэдагавалі… чытачы ЖЧ!
Сяргей Харэўскі: “Складаючы тэксты, я іх, вядома, перарэдагоўваў. Дарэчы, рэдагаваць іх дапамагалі чытачы майго Жывога Часопіса, якія рабілі жорсткія заўвагі, крытыкавалі, нагадвалі, што я нешта ўпусціў. Таму я перарэдагаваў тэксты з улікам заўваг маіх фрэндаў”.
Абмеркаванне ў ЖЧ Харэўскага ідзе вельмі актыўна
Харэўскі заўважае, што ягоныя культуралагічныя тэксты чытаюць і абмяркоўваюць людзі з 30-і краінаў. Бо піша ён і пра надзённае, і пра вечнае – але аднолькава сакавіта і захапляльна.
Сяргей Харэўскі: “ЖЧ -- гэта ўнікальная магчымасць пісаць шчыра, для сябе… Вось са свайго акна я пабачыў нейкае свята “Зліпень”, якое прыдумаў Лукашэнка… Альбо – ці настолькі гэтая краіна праваслаўная, што ўсе прамаўляюць як мантру – я гляджу ранічкай пасля навагодняй ночы, наколькі посна правялі гэтую ноч жыхары майго пад’езда і ўсяго двара. Але ёсць тэксты, якія маюць і навуковую каштоўнасць. Напрыклад, сюды ўключаны тэкст пра стварэнне бел-чырвона-белага сцяга Клаўдыем Дуж-Душэўскім. Гэта найбольш поўнае даследванне”.
Часам спадар Сяргей першы паведамляе пра небяспечныя планы па разбурэнні старадаўніх будынкаў
Сяргей Харэўскі заклаў у кнігу шмат правакацыяў – паставіў на мэце разбурыць найбольш распаўсюджаныя міфы і стэрэатыпы пра беларусаў…
Сяргей Харэўскі: “Я прыйшоў да ўнёску, што Беларусь не ёсць ані хрысціянскаю, ані сялянскаю нацыяй. З многімі нашымі міфамі трэба развітвацца, проста ні ў каго не падымаецца рука гэтыя міфы выкрасліць. У тым ліку, міф пра Вільню. Я пражыў у Вільні з тузін гадоў… Раздзел пра Вільню ў кнізе завецца – “Закончаны мінулы час”. Вільня як “беларуская крывіцкая мекка” – застанецца толькі ў нашых кнігах і снах… Я думаю, гэта будзе нагода для палемік”.
Большасць тэмаў, закранутых у ЖЧ, адпаведна і ў кнізе, -- вельмі надзённыя