Колькі зарабляюць трэнеры беларускіх хакейных клубаў?

Прамаўляючы пасля наведвання мінскага камбіната хлебапрадуктаў, Аляксандр Лукашэнка здзівіў беларусаў чарговай сенсацыяй у зарплатах беларускага хакея:

“Некаторыя трэнеры атрымліваюць сёння па 70, а тое і больш мільёнаў рублёў, займаючы апошнія месцы ў сваіх турнірах”.

 

Няўжо гутарка вядзецца пра аўтсайдэраў беларускай экстралігі? Цікавімся зарплатай галоўнага трэнера хакейнага клуба “Віцебск” (займае перадапошняе 10-е месца ў чэмпіянаце краіны).

Наш галоўны трэнер, Івашын, дзевяць мільёнаў атрымліваў, Дудзік (другі трэнер клуба, ― Еўрарадыё) ― сем. Вось і ўсё, я вам шчыра кажу, ― паведамляе спартыўны дырэктар “Віцебска” Міхаіл Багруноў. ― Каманда з бюджэтам у 10-12 мільярдаў рублёў не можа абагнаць клуб, дзе бюджэт у шмат разоў большы. Пагадзіцеся. На “Жыгулях” вы ж не абгоніце “Мэрсэдэс” ці “БМВ Х5”.

Галоўнаму трэнеру мінскага “Дынама”, згодна з дадзенымі мінулага года, плацяць каля 29 тысяч долараў штомесяц (250 мільёнаў рублёў).

У самым багатым клубе экстралігі жлобінскім “Металургу” (займае першае месца ў чэмпіянаце) паведамляць пра зарплаты гульцоў і трэнера адмовіліся. 

Прама называць зарплатную лічбу свайго рулявога не сталі і ў наваполацкім “Хімік-СКА”. Праўда, генеральны дырэктар Міхаіл Дзянісаў дае зразумець, што бюджэт клуба прыкладна такі ж, як у “Віцебска”.

Міхаіл Дзянісаў: “А 70 мільёнаў рублёў у месяц: у нас гэта ― як казка. Суму зарплаты нашага трэнера я вам не буду казаць, але яна ў разы меншая. Калі ў Жлобіна бюджэт 74 млрд. рублёў, гэта не сакрэт. То ў нас усяго толькі 12 млрд рублёў. Вось і лічыце”.

Ігар Малчанаў, намеснік генеральнага дырэктара клуба “Юнацтва-Мінск" (23-е месца ва Усерасійскай хакейнай лізе), тлумачыць што для трэнераў некаторых каманд экстралігі зарплата ў 70 мільёнаў ― гэта норма.

Ігар Малчанаў: “У некаторых сапраўды такія зарплаты. Згодна з Камітэтам дзяржкантролю, ёсць выкладкі, што ў дырэктара хакейнага клуба “Шахцёр” зарплата ― 7,7 тысяч долараў (каля 66 мільёнаў рублёў) зарплата. Я разумею, што такіх зарплат няма ў Брэсце, Віцебску, Наваполацку. А ў багатых клубах, якія сёння напоўніцу карыстаюцца льготамі па 300-м указе “Аб прадастаўленні і выкарыстанні спонсарскай дапамогі” ― іншая сітуацыя. І гэта грошы не заробленыя, а ад дзяржаўных прадпрыемстваў”.

Еўрарадыё: Галоўны трэнер “Юнацтва-Мінск” Міхаіл Захараў ― адзін з найвядомейшых трэнераў. У яго зарплата большая за 70 мільёнаў?

Ігар Малчанаў: “Я не ведаю. Думаю, што яго зарплата прыкладна ў гэтых межах, а нават і ніжэй. Але зарплаты некаторых трэнераў і гульцоў экстралігі абсалютна не адпавядаюць іх вынікам і іх ролі. Сёння ў Жлобіне сярэдняя зарплата ― 10,2 тысяч долараў, і гэта сярэдняя. У “Юнацтве”, якое выступае ў вышэйшай лізе чэмпіянату Расіі, такіх грошай і блізка няма. Любы еўрапейскі сярэдні клуб плаціць зарплату ў пяць тысяч еўра, і тое тром-чатыром найлепшым гульцам”.

 

Ігар Малчанаў падтрымаў пазіцыю хакейнага эксперта Уладзіміра Беражкова, які наракае на неадэкватныя зарплаты ў беларускім хакеі і слабую ўвагу да дзіцяча-юнацкага хакея.

“З дзесяці школ у нас у рэспубліцы засталося толькі тры, ― падлічвае спецыяліст. ― Прывяду прыклад. У краіне з 10 школ засталося толькі тры “ўзросты” 95-га года нараджэння. Гэта ўсяго шэсцьдзесят чалавек, менш за тры чалавекі на месца ў зборную. Як мінімум у нас павінна быць 250 чалавек гэтага ўзросту, а ў нас усяго 60. А потым мы ламаем галаву: чаму не можам увайсці ў элітны дывізіён? Дык выбраць зборную няма з каго. Тыя неадэкватныя зарплаты трэнерам і гульцам трэба накіраваць у спартыўныя школы. Калі б ДЮСШ пры клубах былі на першым месцы і выйгравалі не толькі ў чэмпіянаце Беларусі, але і ў міжнародных турнірах, як некалі “Юнацтва”, якое перамагло ў першынстве СССР, то гэта быў бы паказчык”. 

Фота прэс-службы жлобінскага ХК "Металург"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі