Навошта Беларусі Антарктыка?

Беларусь і Расія падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў Антарктыцы. Раней расіяне аддалі нам састарэлую палярную станцыю, на месцы якой будзе ўзводзіцца новая — беларуская.

Дзяржава цягам чатырох гадоў (з 2011 па 2015) плануе прафінансаваць даследаванні ў Антарктыцы на 2,6 мільёна долараў. Які ж для нас плён ад скарэння скаванага лёдам кантыненту?

“Імгненнай і хуткаспелай выгады не будзе, — тлумачыць Уладзімір Філімонаў, начальнік Рэспубліканскага цэнтру палярных даследаванняў. —  Але калі мы станем паўнапраўнымі ўдзельнікамі працэсу асваення Антарктыкі, то будзем мець права голасу падчас вырашэння яе далейшага лёсу. Гэта геапалітычнае пытанне”.

Да сярэдзіны красавіка трое беларускіх навукоўцаў-палярнікаў завершаць пятую беларускую антарктычную экспедыцыю. На лядовым кантыненце нашы навукоўцы тэстуюць разнастайныя прылады. Некаторыя з іх пасля плануюць выкарыстоўваць у Беларусі.

Напрыклад, гэта прылады для вывучэння зямной кары, снежнага покрыва, ультрафіялетавага выпраменьвання, азонавага слою. Распрацавана сістэма для дыстанцыйнага маніторынгу атмасферы.

“Таксама у Антарктыцы выяўляюцца новыя віды рыб, малюскаў, — паведамляе Уладзімір Левашкевіч, намеснік акадэміка-сакратара аддзялення хіміі і навук аб Зямлі Акадэміі навук. — У будучыні пры магчымасці мы зможам ці выкарыстоўваць іх самі, ці прадаваць квоты на вылаў. Беларускія навукоўцы вызначылі ўжо пяць відаў прамысловых жывёл. З іх чатыры віды могуць мець харчовае значэнне. Кошт некаторых ацэнены ў восем мільёнаў долараў на квадратны кіламетр”.

Высоўваюцца ідэі, што Антарктыка можа стаць новым рынкам збыту для беларускай тэхнікі. Натуральна, калі трактары ці машыны змогуць працаваць у экстрэмальных тэмпературных умовах.

“З гэтай нагоды плануем звярнуцца, магчыма, на МАЗ, на Трактарны завод, каб асобныя віды тэхнікі выпрабаваць там", — працягвае Уладзімір Левашкевіч.

Падкрэсліваецца, што, нягледзячы на расійскую транспартную і навуковую дапамогу, беларусы плануюць працаваць у Антарктыцы аўтаномна. Ужо сёння некаторыя даследаванні праводзяцца сумесна з французскімі навукоўцамі.

Кіраўнік 5-й беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў.

Нашы палярнікі вернуцца ў Беларусь у сярэдзіне красавіка.

Жывёльны свет у Антарктыцы абмежаваны. Палярнікі сустракаюцца выключна з пінгвінамі. А марскія стварэнні кшталту крылі ці блакітнай антарктычнай натэніі маюць у арганізме замест крыві рэчыва, якое параўноўваюць з аўтамабільным антыфрызам.

Дацэнт біяфака БДУ Уладзіслаў Мямін. Яшчэ адзін удзельнік экспедыцыі. 

Супрацоўнік Акадэміі навук Міхаіл Кароль прызвычаены да экстрыму. У маладосці прайшоў праз вайну ў Афганістане, у паважаным узросце выправіўся ў Антарктыку. 

Тэмпература на лядовым кантыненце даходзіла да -90 градусаў. Мароз у -60 для нашых палярнікаў з'яўляецца нормай. А тэмпература ў -10 -- гэта ў Антарктыцы сапраўдная летняя спёка.

Ад халадоў навукоўцы ратуюцца электрапечкамі, якія сілкуюцца ад дызель-генератараў. Падчас штармавых сітуацый палярнікі не выходзяць на двор без пільнай на тое патрэбы.

Фота wluksusie.pl і sib.fm 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі