Свежая серыя South Park ― пра Беларусь (відэа)
Вядомыя на ўвесь свет школьнікі надзелі бранзалецікі ў падтрымку беларускіх калгаснікаў, якія "змагаюцца з урадам", а Ісус заклікаў вызваліць Pussy Ri
13-я серыя 16-га сезона South Park выйшла (па беларускім часе) уночы на 1 лістапада. Яна пачынаецца з таго, што расчараваныя ў хрысціянстве амерыканцы здымаюць з рук бранзалецікі з літарамі W.W.J.D., якія пазначаюць пытанне What would Jesus do? (Што зрабіў бы Ісус?). У Злучаных Штатах гэтыя бранзалецікі вельмі папулярныя.
Адзін з галоўных персанажаў мульціка, Стэн, адмаўляецца здымаць бранзалецік. Яго запрашаюць у тэлешоў, дзе ён выслухвае абсурдную крытыку за тое, што мае нахабства не трымацца агульнай думкі.
У школе Стэн заўважае, што іншы навучэнец, Батэрс, таксама носіць на руцэ бранзалецік.
“Гэта дапамагае мне не забываць пра спачуванне да людзей, ― тлумачыць Батэрс. ― Мяне сапраўды ўзрушыла, калі я пабачыў на Youtube, як змагаюцца фермеры ў Беларусі”.
“Фермеры… Дзе?” ― перапытвае Стэн.
На экране з'яўляюцца “кадры з Youtube”: два бульдозеры стаяць насупраць купкі людзей, за спінамі якіх бачныя градкі з капустай.
“Смачна есці [і далей неразборліва]”, ― кажа “беларускім фермерам” адзін з бульдазерыстаў (за яго спінай бачны сярэдневечны замак). На экране ў гэты час бачныя субтытры: “This land is no longer yours!” (“Гэтая зямля больш не ваша!”)
Аднак людзі не сыходзяць, бо пакляліся “стаяць на зямлі, як той хлопец у ЗША, які не зняў бранзалецік з рукі”.
Глядзець гэты фрагмент на Vimeo. Спампаваць. з Dropbox. Эпізод цалкам глядзіце на афіцыйным сайце South Park.
Неўзабаве Стэн праз тое, што адзіны ў ЗША не зняў бранзалецік W.W.J.D., робіцца зоркай. Аднак журналісты знаходзяць рэшткі суперклея на яго бранзалеціку і абвінавачваюць яго ў падмане.
“Ведаеш, што сумна? Што менавіта гэта важна для людзей. І ніхто не памятае пра фермераў з Беларусі. Ты хочаш сказаць, што фермеры з Беларусі ― гэта фігня?” ― скардзіцца Стэн свайму сябру Кайлу.
Аднак на наступную раніцу амаль усе навучэнцы школы апранаюць бранзалецікі ў падтрымку народа Беларусі, бо “беларускі ўрад якраз у гэтыя хвіліны…” Але што менавіта робіць беларускі ўрад, застаецца па-за сюжэтам серыі.
Пры канцы эпізода Ісус з’яўляецца ў Беларусі, каб урэгуляваць канфлікт. Ён кажа карэспандэнту службы навінаў, што пагутарыў з уладамі і з фермерамі, і што сітуацыя вырашальная. У гэты момант танк, на фоне якога адбываецца інтэрв’ю, страляе па натоўпе. Чуваць аўтаматныя чэргі, а праз некалькі секунд наперад рушаць бульдозеры.
Спампаваць гэты фрагмент мульціка можна тут. Эпізод цалкам глядзіце на афіцыйным сайце South Park.