Ploshcha Lenina, Uruchcha — мінскае метро перакладаюць на англійскую (фота)

Як даведалася Еўрарадыё, у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук удакладнілі беларускамоўныя назвы станцый метро і зрабілі нават не пераклад, а транслітарацыю. Новаўвядзенні рыхтуюць да чэмпіянату свету па хакеі, хоць да яго яшчэ два гады. У метрапалітэне гавораць, што рабіць нешта паціху трэба.

120716 Pilecki_METRO_0.mp3

“Ну, вось напісалі ліст, каб яны нам правільна пераклалі. Усе станцыі каб былі на дзвюх мовах. Трэба ж усім рыхтавацца патрошкі. Новыя станцыі дакладна будуць з англамоўнымі шыльдамі, а пра іншыя дакладна невядома пакуль. Мы рыхтуемся да адкрыцця новых”.

Беларускія “плошчы” не ператварыліся ў англійскія “square”, а “плошчамі” і засталіся. Адно што пішуцца зараз лацінкай згодна з правіламі транслітарацыі.

Загадчыца кафедры англійскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Ніна Капачова расказвае Еўрарадыё, што такі спосаб цалкам прымальны.

“Ёсць такі спосаб, як транслітарацыя. Гэта спосаб перадачы беларускіх назваў лацінскімі літарамі. Невядома ж, як перакласці “Якуб Колас”. Транслітарацыя — гэта цалкам законны спосаб перадачы”.

Спосаб, можа, і законны, але апошнім часам у Мінску з’явілася даволі шмат шыльдаў з лацінкай — і ўсе розныя. Еўрарадыё знайшло ажно тры варыянты: з перакладам, з транслітарацыяй і з выкарыстаннем беларускай лацінкі.

А на адзінай англамоўнай мапе Мінска, якую можна знайсці ў крамах, увогуле мяшанка з... двух варыянтаў. Мапа гэтая выпушчаная яшчэ ў 2010 годзе і лядовыя арэны чэмпіянату там проста не пазначаныя.

На думку загадчыцы кафедры Ніны Капачовай, у метро можа быць і транслітарацыя. Гэта замежнікаў не збянтэжыць. У той жа Брытаніі і Штатах сустракаюцца свае неперакладальныя назвы.

“Ну магчыма, можна было б і "square"… Хаця ў той жа Амерыцы і Вялікабрытаніі для “плошчы” сустракаюцца свае назвы, што абазначаюць менавіта месца. Іх часам нават і не перакладзеш”.

Як даведалася Еўрарадыё, станцыі метро яшчэ і пранумаруюць. Неабходны прыпынак знойдзе нават той, хто не ўмее чытаць ні на адной мове свету.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі